Сорак чатыры вядучыя кліматолагі планеты папярэдзілі кіраўнікоў дзяржаў Паўночнай Еўропы аб немінучай катастрофе з-за калапсу ключавых цячэнняў Атлантычнага акіяна. Адкрыты ліст апублікаваны на сайце Ісландскага метэаралагічнага бюро.
Эксперты заклікалі лідараў краін да неадкладных дзеянняў, падкрэсліўшы, што рызыкі аслаблення цыркуляцыі цячэнняў першапачаткова былі моцна недаацэнены. Шэраг даследаванняў Атлантычнай мерыдыянальнай перакульвальнай цыркуляцыі (Atlantic meridional overturning circulation, AMOC), якая ўключае Гальфстрым і пераносіць цяпло ад экватара ў Паўночнае паўшар’е, паказалі запаволенне гэтага цячэння ў выніку глабальнага пацяплення. Гэта пагражае пагружэнне клімату планеты ў хаос, бо АМОС адыгрывае важную ролю ў кліматычнай сістэме Зямлі.
Такая змена цыркуляцыі акіяна можа мець разбуральныя і незваротныя наступствы, асабліва для краін Паўночнай Еўропы, але таксама і для іншых частак свету. Паводле слоў спецыялістаў, першы і самы моцны ўдар прыпадзе на Данію, Швецыю, Нарвегію, Фінляндыю і Ісландыю: поўнач Еўропы чакае значнае пахаладанне і ўсталяванне экстрэмальных умоў надвор’я. Акрамя таго, пад ударам апынецца сельская гаспадарка ў Паўночна-Заходняй Еўропе.
Наступствы калапсу АМОС закрануць і іншыя рэгіёны, бо трапічныя мусонныя сістэмы могуць ссунуцца на поўдзень, у прыватнасці, уздоўж атлантычнага ўзбярэжжа ЗША магчыма павышэнне ўзроўню мора, што паставіць пад пагрозу рыбалоўства. Калі не пачаць барацьбу са змяненнем клімату, АМОС можа спыніцца ўжо ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.
Ліст кліматолагаў накіраваны ў Савет міністраў Паўночных краін і заклікае падтрымаць Парыжскае пагадненне па клімаце 2015 года, якое прадугледжвае меры па абмежаванні росту глабальнай тэмпературы на ўзроўні 1,5 градуса Цэльсія, максімум на 2 градусы да 2100 года.
У верасні генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш папярэдзіў, што свет знаходзіцца на парозе кліматычнай катастрофы. Ён адзначыў, што на фоне змянення клімату па ўсёй Зямлі назіраюцца перыяды экстрэмальных тэмператур, здараюцца маштабныя пажары, засухі і беспрэцэдэнтныя паводкі.
У сваю чаргу старшыня Міжурадавай групы экспертаў па змяненні клімату ААН Джым Скі папярэдзіў, што ў краінах Паўднёвай Еўропы пачнуць з’яўляцца пустынныя зоны ў выпадку глабальнага пацяплення. Ён падкрэсліў, што ў гэтым выпадку ў многіх краінах можа ўстанавіцца гарачы і вільготны клімат, што прывядзе да цяжкасцей вядзення шэрагу відаў эканамічнай дзейнасці. Па меркаванні Скі, глабальнага пацяплення на тры градусы па Цэльсію варта чакаць ужо да 2100 года.
Звязда, 24 кастрычніка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/14/75707
Текущая дата: 23.11.2024