Гэта вынікае з даклада генеральнага дырэктара кампаніі Аляксандра Ляхава на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі аб стане і развіцці мінеральна-сыравіннай базы рэспублікі, нарошчванні геолагаразведачных работ, у тым ліку па вуглевадароднай сыравіне.
"Галоўны вынік нарады - прадаўжэнне нарошчвання геолагаразведачных работ на вуглевадароды на тэрыторыі Беларусі. Вядома, асноўны аспект быў удзелены бурэнню новых свідравін. Пастаўлена задача нарошчваць аб`ёмы буравых работ менавіта як прыступку да далейшага росту здабычы нафты на тэрыторыі краіны. Разам з тым падкрэслена, што за апошнія гады значна павялічаны аб`ёмы буравых, сейсмаразведачных работ. І гэта ўжо адбілася на тых тэмпах росту здабычы нафты, якія назіраюцца ў апошнія гады", - сказаў гендырэктар кампаніі "Беларуснафта".
Як вынікае з яго даклада на нарадзе, у 2023 годзе ўпершыню з 1995 года здабыта 1 млн 877 тыс. т нафты, план на бягучы год - 1 млн 920 тыс. т, а прагноз на 2025-ы - ужо 2 млн т. Для параўнання, у 2016 годзе ў краіне здабылі 1 млн 645 тыс. т нафты.
"Цяпер пра паталок здабычы нафты ў Беларусі складана гаварыць. Мы зыходзім з бягучых уяўленняў, якія маем. Бліжэйшая мэта здабычы нафты на тэрыторыі Беларусі - 2 млн т. Для гэтага трэба паступова павялічваць аб`ёмы буравых работ. І ў гэтым годзе, і ў 2025-м", - расказаў Аляксандр Ляхаў.
Гаворачы пра цяжкасці здабычы нафты ў Беларусі, гендырэктар растлумачыў, што калі 50-60 гадоў таму гэты рэсурс здабывалі параўнальна лёгка з порыстых парод, то цяпер у распрацоўцы радовішча з пародамі, дзе неабходна ажыццяўляць гідраўлічны разрыў пласта і будаваць гарызантальныя свідравіны. "Будаўніцтва гарызантальнай свідравіны часам у два разы даражэй, чым звычайнай вертыкальнай. Але за гэтым будучыня", - адзначыў ён.
Кампанія "Беларуснафта" мае ўсе неабходныя кампетэнцыі для гэтых работ, уключаючы навуковую і практычную базы. Тэхналогіі адаптаваны пад умовы Прыпяцкага прагіну.
На нарадзе Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што запасы нафты ў Беларусі недаацэнены. "Бывала, у савецкі час мы здабывалі каля 8 млн т нафты. Не дарэмна называю лічбу. Нашы прыродныя і геалагічныя ўмовы ў Беларусі ўсе ведаюць. 8 млн т здабывалі нафты, сёння здабываем 2 млн т прыкладна. У чым справа? Мне тлумачаць: выпампавалі ўсё. Я ў гэта не веру, - сказаў Прэзідэнт. - Калі б мы сёння мелі 5 млн т нафты, а не каля 2-х, багатай былі б дзяржавай. Вось адкуль прычына разгляду гэтага пытання".
На сённяшні дзень прамысловыя запасы беларускай нафты складаюць каля 45 млн т. За 2016-2023 гады яны прыраслі на 14 млн т, у тым ліку толькі ў 2023 годзе - на 2,5 млн т, што з`яўляецца рэкордам за апошнія 40 гадоў. Прымяненне новых тэхналогій, нарошчванне аб`ёмаў сейсмаразведкі і бурэння далі магчымасць пачынаючы з 2017 года забяспечыць рост здабычы нафты ў сярэднім на 20 тыс. т у год.
12 сакавіка 2024, Мінск
БЕЛТА
12 сакавіка 2024, Мінск
БЕЛТА
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/148/73051
Текущая дата: 27.11.2024