Аб гэтым паведамілі на прадпрыемстве.
Навукоўцы-нафтавікі распрацавалі імпартазамяшчальную кампазіцыю для правядзення гідраўлічнага разрыву пласта. На вытворчых магутнасцях аднаго з прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім» выпушчана доследная партыя.
Перспектыўная распрацоўка — новы склад для такой высокатэхналагічнай аперацыі, як гідраразрыў пласта, — належыць вучоным БелНДПІнафта. Гэта яшчэ адзін крок на шляху імпартазамяшчэння.
Актуальныя пытанні ў дэталях прапрацавалі спецыялісты ўпраўлення свідравінных тэхналогій і сэрвісу цэнтральнага апарату кампаніі, БелНДПІнафта, тампанажнага ўпраўлення.
Лабараторныя даследаванні вучоных-нафтавікоў прадаўжаліся каля года. У выніку супрацоўнікі БелНДПІнафта прапанавалі ўласную рэцэптуру кампазіцыі. Паводле слоў загадчыка аддзела тэхнікі і тэхналогіі ўздзеяння на пласт БелНДПІнафта Дзмітрыя Ткачова, распрацоўка айчыннай суспензійнай кампазіцыі для ГРП і яе ўкараненне ў вытворчасць нацэлены на замяшчэнне дарагога імпартнага аналага. Пры правядзенні гэтай высокатэхналагічнай аперацыі састаў выкарыстоўваецца ў вялікіх аб’ёмах. «Такім чынам вырашаюцца пытанні стабільнасці паставак, кантролю якасці на ключавых этапах і істотнага скарачэння затрат, якое, паводле папярэдніх разлікаў, будзе дасягаць не менш як 30 працэнтаў», — расказаў ён.
У мінулым годзе супрацоўнікі аддзела тэхнікі і тэхналогіі ўздзеяння на пласт БелНДПІнафта правялі комплекс лабараторных даследаванняў, вынікам якіх стала распрацоўка ўласнай вадкай кампазіцыі, якая складаецца з некалькіх рэагентаў.
Распрацоўка паказала эфектыўнасць у лабараторных умовах, растлумачыў вядучы навуковы супрацоўнік сектара хімічнага забеспячэння лабараторыі гідраразрыву пласта Генадзь Пячэрскі. «Па многіх параметрах кампазіцыя перасягнула замежныя аналагі. У канцы лютага пад тэхналагічным кантролем спецыялістаў БелНДПІнафта і тампанажнага ўпраўлення была выпушчана доследная партыя кампазіцыі», — акцэнтаваў увагу ён.
Пачаты ўжо доследна-прамысловыя выпрабаванні на Рэчыцкім нафтавым радовішчы, якія пакажуць дзеянне кампазіцыі ў палявых умовах, расказалі на прадпрыемстве. На аснове атрыманых даных будзе прынята рашэнне аб выхадзе на прамысловыя аб’екты.
Вытворчае аб’яднанне «Беларуснафта» створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін.
Звязда, 11 сакавіка 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/149/73027
Текущая дата: 27.11.2024