Наведвальнікі кірмашу змогуць набыць арыгінальныя сувеніры і падарункі з розных краін свету, пакаштаваць нацыянальныя прысмакі, а таксама прыняць удзел у розыгрышы латарэі і атрымаць падарунак ад прадстаўніцтваў дыпмісій у Беларусі.
Мінскі міжнародны жаночы клуб жонак паслоў, дыпламатаў і замежных прадстаўнікоў правядзе ў беларускай сталіцы штогадовы Калядны дабрачынны кірмаш, паведамілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.
У мінулым годзе гэтае мерапрыемства адбылося ў Палацы культуры МАЗа. Яно прайшло пад кіраўніцтвам новага прэзідэнта Міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў – Соф’і Даравай, жонкі пасла Казахстана. Раней клуб узначальвала жонка пасла Турэцкай Рэспублікі Эльвіра Азджан.
Сёлета кірмаш пройдзе 14 снежня ў "Прэзідэнт-атэлі". Наведаць яго можна з 11:00 да 18:00.
"На кірмашы для продажу будуць прадстаўлены нацыянальныя прысмакі, пачастункі, выпечка і напіткі, сувеніры, карціны, кнігі. Для гасцей кірмашу арганізуецца калядная канцэртная праграма, розыгрыш латарэі з уручэннем падарункаў ад прадстаўніцтваў дыпламатычных місій у Рэспубліцы Беларусь", - расказалі ў МЗС.
Там таксама ўдакладнілі, што любы жадаючы зможа прыняць удзел у марафоне добрых спраў і здзейсніць мару дзіцяці. Для гэтага трэба падысці да "Ёлкі дабра", зняць з яе любое пісьмо, якое напісалі Дзеду Марозу дзеці з асаблівымі патрэбамі.
Усе атрыманыя сродкі ад продажу нацыянальных сувеніраў і латарэйных білетаў арганізатары кірмашу накіруюць на дабрачынныя праекты.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/15/76173
Текущая дата: 28.12.2024