Белорусский портал в Казахстане

Наглядальнікі ад СНД не выявілі парушэнняў у час выбараў дэпутатаў у Беларусі



Аб гэтым заявіў генеральны сакратар СНД, кіраўнік місіі наглядальнікаў ад СНД Сяргей Лебедзеў на прэс-канферэнцыі ў інфармацыйным цэнтры ЦВК.

"У складзе місіі былі 235 міжнародных наглядальнікаў з краін СНД, за выключэннем Украіны і Малдовы. Наша місія пачала работу 22 студзеня. На першым этапе ажыццяўлялі назіранне 50 доўгатэрміновых наглядальнікаў, якія выязджалі ў рэгіёны, сустракаліся з прадстаўнікамі партый, што вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, правялі гутаркі ў афіцыйных структурах Беларусі, якія адказваюць за выбарчы працэс. У перыяд датэрміновага галасавання ў Беларусь прыехалі кароткатэрміновыя наглядальнікі. Мы мелі магчымасць назіраць за выбарамі як у самім горадзе Мінску, так і ва ўсіх абласцях", - расказаў кіраўнік місіі.

Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што ў сваёй рабоце місія наглядальнікаў ад СНД кіравалася ў першую чаргу нацыянальным заканадаўствам Беларусі. "Яшчэ адно правіла, якім мы кіраваліся, - гэта аб`ектыўны, добразычлівы падыход, неўмяшанне ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь", - адзначыў ён.

"Мы наведалі 1819 участкаў. Уразіла атмасфера свята, добры настрой. На многіх участках людзі прыходзілі сем`ямі, з дзецьмі. Практычна ўсюды гучала музыка, выступалі артысты мастацкай самадзейнасці, прафесійныя артысты, працавалі буфеты, - дапоўніў Сяргей Лебедзеў. - Наша ацэнка гэтых выбараў: яны прайшлі арганізавана, дастойна, без парушэнняў. Ніякіх парушэнняў, якія маглі б паўплываць на вынікі выбараў, мы не зафіксавалі".

26 лютага 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/159/72824
Текущая дата: 27.11.2024