Белорусский портал в Казахстане

Сяргей Алейнік: у Беларусі дзве мовы, але асаблівае месца займае беларуская



Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства нагадаў, што калісьці ў Беларусі былі чатыры дзяржаўныя мовы.

 Людзей у Беларусі ніколі не дзялілі па моўным ці па этнічным прынцыпе, заявіў міністр замежных спраў рэспублікі Сяргей Алейнік у Мінску.

"У разнастайнасці моў і ёсць наша адзінства. Яно ўвасабляе культурную разнастайнасць, заахвочвае абмен думкамі, стварае аснову для ўзаемапаважлівага дыялогу, прыняцця і супрацоўніцтва паміж народамі", - адзначыў ён.

Міністр нагадаў, што цяпер у краіне дзве дзяржаўныя мовы – беларуская і руская, а калісьці было і чатыры (беларуская, руская, польская і ідыш).

"Асаблівае месца заўсёды займала і будзе займаць родная беларуская мова. Яна дае нам сілу і стойкасць. У яе мілагучнасці нязломная воля беларусаў, самабытнасць і каларыт нашай багатай культуры", - упэўнен Алейнік.

Кіраўнік МЗС Беларусі прыняў удзел у мерапрыемстве ў Мінскай гарадской Ратушы ў гонар Міжнароднага дня роднай мовы. На ім таксама прысутнічалі паслы замежных краін і дзеячы культуры. Беларускія і замежныя дыпламаты чыталі ўрыўкі літаратурных твораў на беларускай мове. Такія акцыі для МЗС Беларусі традыцыйныя.

Мінск, 16 лютага 2024
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/165/72704
Текущая дата: 28.11.2024