Белорусский портал в Казахстане

У Віцебску 3-га снежня пачнецца XXXII Міжнародны музычны фестываль імя І.І.Салярцінскага



Па традыцыі 3 снежня — першая падзея ўнікальнага праекта — у дзень нараджэння знакамітага сына віцебскай зямлі, музыказнаўца, музычнага і тэатральнага крытыка, тэарэтыка балета, даследчыка пытанняў эстэтыкі і псіхалогіі Івана Іванавіча Салярцінскага.

Салярцінскі нарадзіўся ў 1902-м, памёр у 1944 годзе. Сябраваў з Дзмітрыем Шастаковічам, які прысвяціў яго памяці другое фартэпіяннае трыа.

У Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І.І.Салярцінскага  адбудзецца канцэрт, у якім выступяць навучэнцы і выкладчыкі. Уваход вольны.

І традыцыйна галоўная сцэнічная пляцоўка фэсту — у Віцебскай абласной філармоніі. Сёлета там тры фестывальныя падзеі з вялікай літары. 

5 снежня ўпершыню ў Беларусі выступіць расійскі лаўрэат прэстыжных конкурсаў, піяніст Дзмітрый Маслееў. У яго выкананні прагучаць творы Шастаковіча, Рахманінава, Хачатурана, іншых геніяльных кампазітараў.

10 снежня адбудзецца канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам заслужанага артыста Расіі Яўгена Бушкова. На прэс-канферэнцыі журналістаў заінтрыгавалі тым, што ў другім аддзяленні будзе музычна-драматычная містэрыя «Сёстры з Раю» для голасу, камернага аркестра, фартэпіяна, аргана, ударных і электрагітары. І ўсё гэта разам з феерычным светлавым суправаджэннем. 

17 снежня ў праграме выступленне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам заслужанага дзеяча мастацтваў Расіі, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава.

Аляксандр Пукшанскі
Звязда, 2 снежня 2021

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/17/61985
Текущая дата: 19.11.2024