Белорусский портал в Казахстане

Названы краіны з самай высокай інфляцыяй за 2023 год



Аргенціна па выніках 2023 года ўзначаліла рэйтынг краін з самай высокай гадавой інфляцыяй, абагнаўшы шматгадовага сусветнага лідэра — Венесуэлу. Расія ж, наадварот, значна палепшыла свае пазіцыі, знізіўшы інфляцыю з 11,9% у 2022 годзе да 7,4% у 2023-м, вынікае з разлікаў на аснове даных нацыянальных статыстычных службаў 193 краін, якія з’яўляюцца членамі ААН.

У фінальную выбарку была ўключана 151 краіна, якая па стане на пачатак лютага раскрыла звесткі за снежань 2023 года. Аргенціна на фоне дэвальвацыі нацыянальнай валюты ў снежні сутыкнулася з рэзкім скачком цэн — інфляцыя паскорылася да 211% са 161% у лістападзе і з 95% годам раней. Гэтая краіна безумоўны лідар рэйтынгу дзяржаваў з самай высокай інфляцыяй. На другім месцы размясціўся Ліван, дзе тэмпы росту коштаў за год павялічыліся на 70 працэнтных пунктаў — да 192%. Тройку лідараў замыкае Венесуэла, дзе інфляцыя запаволілася да 190% з 234% годам раней. У пяцёрку таксама ўваходзяць Турцыя (65%) і Сьера-Ліёне (52%).

Вышэй за 30% інфляцыя склалася ў канцы года ў Іране (40%), Малаві (35%), Егіпце (34%), Сурынаме (33%) і на Кубе (31%), а вышэй за 20% — яшчэ ў васьмі краінах, уключаючы Пакістан, Нігерыю, Эфіопію і Зімбабвэ.

Максімальныя значэнні інфляцыі ў Еўропе па выніках года былі ў Ісландыі (7,7%), а самыя нізкія — у Італіі (0,7%). На Блізкім Усходзе лідарам па росце кошту стаў Ліван, пры гэтым найбольш сціплыя тэмпы росту кошту былі ў Амане (0,5%). Сярод краін Азіі мацней за ўсё за год кошт вырас ў Пакістане, а найменш — у Грузіі (0,4%).

Палова краін свету ў снежні фіксавалі гадавыя тэмпы росту кошту вышэй за 4,2%, сюды ўваходзіць і Расія з паказчыкам 7,4% супраць 11,9% годам раней, якая размясцілася на 35-м месцы. Яе суседзі ў рэйтынгу — Сербія (7,6 працэнта) і Кіргізія (7,3 працэнта).

У 130 краінах інфляцыя летась замарудзілася, мацней за ўсё ў Зімбабвэ — адразу на 217 працэнтных пунктаў, аднак такое запаволенне тлумачыцца зменай метадалогіі разліку ў краіне. У той жа час у 20 дзяржавах тэмпы росту цэн паскорыліся, больш за ўсё — у Аргенціне.

Звязда, 7 лютага 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/175/72492
Текущая дата: 28.11.2024