Белорусский портал в Казахстане

Каля Каложскай царквы ў Гродне будзе ўстаноўлена званіца з дзевяццю званамі



Аб’ект размесціцца ў дзесятках метрах ад храма, на невялікім узвышшы. Плошча пляцоўкі складзе крыху больш за 50 «квадратаў», дакладныя яе памеры — 6 на 9 метраў.

Як расказаў галоўны архітэктар інстытута «Гроднаграмадзянпраект» Аляксандр Захарчук, і сама пляцоўка, і дарожка да яе па адхону будзе выбрукавана натуральнымі камянямі. Сама званіца выконваецца з драўляных канструкцый, работы па распілцы дуба пачаліся. 

— Званіца будзе мець крыжападобную форму і павернута да дарожкі. Каб званар, які будзе званіць, бачыў, калі пачынаецца крыжовы ход, напрыклад. Тут таксама змогуць размясціцца і наведвальнікі храма, прыхажане, якія, магчыма, і самі змогуць пазваніць. Накрыта яна будзе такой самай бляхай, як і сама Каложа. У сугучнасці з храмам будзе зроблены вітраж з рознакаляровай пліткай, якая прысутнічае на сценах царквы. Дэкор упрыгожыць крыж і браму,- раскрыў асаблівасці праекта Аляксандр Захарчук. 

На рэйцы размесцяцца дзевяць званоў, восем з якіх ужо дастаўлены з Варонежа. Некаторыя з іх ручныя, некаторыя педальныя. Адліты і самы галоўны звон, вагой у 1,3 тоны. Хутка ён прыбудзе на аўтамабільным транспарце ў Гродна. 

Каб пазбегнуць актаў вандалізму, будзе зроблена металічная агароджа, вышынёй 1,2 метра, свайго роду візуальны бар’ер. Але ў наведвальнікаў і прыхажан будзе магчымасць зайсці і на саму пляцоўку.

Трэба сказаць, што званіцы — абавязковы атрыбут храма. Настаяцель Барысаглебскай (Каложскай) царквы Аляксандр Балоннікаў паведаміў, што калакольны звон, як і спевы, павінен суправаджаць царкоўную службу. Званы гучаць напярэдадні службы, падчас багаслужэння, перад чытаннем Евангелія, падчас спеваў Сімвала Веры і іншых канонаў. 

Вось і Каложская царква ў ХІІ стагоддзі будавалася разам са званіцай. Па даследваннях археолагаў і гісторыкаў архітэктуры, выказана здагадка, што званіца тады была ўбудавана ў сцяну храма і ўзвышалася над паўднёва-заходнім вуглом, які, на жаль, абрынуўся падчас паводкі ў Нёман ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. 

— На малюнках ХІХ стагоддзя, там, дзе адлюстраваны фасады старажытнага храма, якраз і бачны выступы, якія не сіметрычны леваму боку. У сувязі з гэтым і было выказана меркаванне, што тут якраз і знаходзілася лесвіца, па якой падымаліся на званіцу. А вось на малюнках Напалеона Орды і іншых мастакоў, якія зафіксавалі помнік пасля аварыі, званіцу можна ўбачыць ужо драўлянай і з іншага боку храма. Двухярусная званіца квадратнай формы была ўстаноўлена збоку ад алтара. А напачатку ХХ стагоддзя яна зноў перабудавана і ўяўляе сабой форму брамы — два стаўбы, перакрытыя невялікім дахам, дзе высока на перакладзіне размешчаны званы, — заўважае настаяцель храма. 

А вось калі яна была разабрана і куды зніклі званы, невядома. Але на думку Аляксандра Балоннікава, таямніцы Каложскай званіцы рана ці позна павінны адкрыцца. Некаторыя звесткі аб ёй ўжо з’явіліся. Напрыклад, падчас работы над праектам, у архівах быў знойдзены невялікі газетны артыкул аб звоналіцейным заводзе братоў Усачовых у Расійскай імперыі, дзе пісалі, што «у горад Гродну ў Барысаглебскі Каложскі манастыр адліты звон у 210 пудоў». Гэта амаль 3,5 тоны. Магчыма, з цягам часу адкрыюцца і іншыя гістарычныя звесткі як аб самой званіцы, так і званах. 

— Для нас заўсёды было марай аднавіць званіцу, — зазначыў настаяцель храма. — І калі мы рабілі ў 2017 годзе рамонт, таксама аб гэтым задумваліся. Але тады зрабіць гэты крок не атрымалася, але промысел Божы не выпадковы. Мы вырашылі прысвяціць званіцу, як гэта было здаўна, нейкай важнай падзеі. Такой падзеяй для нас стала 80-ці годдзе вызвалення Беларусі. У сувязі з гэтым было прынята рашэнне назваць званіцу мемарыяльнай, аб чым сведчыць і самы вялікі звон, вагой больш за тону. На ім зроблены адпаведны надпіс. Ён, як і астатнія восем званоў упершыню прагучыць у Дзень Перамогі як Дабравест юбілейнай даты і мірнага жыцця нашага народа.

Даведка:

Гісторыя храма пачынаецца з ХІІ стагоддзя, амаль з таго часу, як пачынаецца пісьмовая гісторыя самога горада Гродна. Ініцыятарамі будаўніцтва называюць гродзенскіх князёў Барыса і Глеба. Храм будаваўся як манастырскі — ён знаходзіўся аддалена ад паселішча, на самым беразе Нёмана. Звяртае на сябе ўвагу асаблівасць пабудовы — мазаіка на сценах, жбаны-галаснікі. Гэта сведчыць аб існаванні самабытнай архітэктурнай гродзенскай школы. Храм вельмі шмат пацярпеў за сваю шматвекавую гісторыю, асабліва падчас паводкі. Частка Каложы папросту спаўзла ў Нёман. Самае істотнае аднаўленне адбылося пяць гадоў таму, калі старую драўляную сцяну замянілі новым брусам і правялі рамонт па ўмацаванні канструкцый. 

Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 2 лютага 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/179/72417
Текущая дата: 28.11.2024