Белорусский портал в Казахстане

Велакарнавал упершыню пройдзе ў Мінску



Велакарнавал адкрые 30 красавіка сезон у Мінску.

Як паведаміў спецыяліст Мінскага гарадскога метадычнага цэнтра фізічнага выхавання насельніцтва Сяргей Буднік, у гэты дзень у сталіцы адбудзецца "Мiнскi велакарнавал VIVA Ровар".

Мерапрыемства арганізуецца з мэтай папулярызацыі веласіпеднага руху і прыцягнення мінчан да здаровага ладу жыцця. Для ўдзелу велааматарам прапануецца ўпрыгожыць свой транспарт і падрыхтаваць карнавальны касцюм, адзначыў Сяргей Буднік.

Акрамя таго, неабходна зарэгістравацца. "Гэта можна зрабіць як на сайце Мінскага веласіпеднага клуба, так і ў дзень карнавалу", - удакладніў спецыяліст Мінскага гарадскога метадычнага цэнтра фізвыхавання насельніцтва. Месцам збору ўдзельнікаў вызначана пляцоўка каля стэлы "Мінск - горад-герой" (з 13.30 да 15.00). У зоне рэгістрацыі яны атрымаюць свой нумар і купон для ўдзелу ў розыгрышы.

"Велакарнавал стартуе ў 15 гадзін па маршруце стэла - "Мінск-арэна" і назад. Потым у 16 гадзін ён перамесціцца ў парк Перамогі, дзе арганізуюць спартыўна-забаўляльную і культурную праграму (конкурсы, паказальныя выступленні і інш.)", - расказаў Сяргей Буднік.

Для наведвальнікаў у парку будуць працаваць летнія кафэ. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць упраўленне спорту і турызму Мінгарвыканкама, службы і арганізацыі мэрыі, Мінскі веласіпедны клуб і Мінскае веласіпеднае таварыства.

"Склад арганізатараў яшчэ не канчатковы і ў бліжэйшы час можа быць дапоўнены", - адзначыў субяседнік. У Мінску абсталявана 27 км магістральных веладарожак, больш як 70 км адаптаваных пешаходна-веласіпедных дарожак і звыш 300 велапарковак. У мінулым годзе 38 пунктаў пракату прапаноўвалі больш як 1 тыс. веласіпедаў.

Паводле ацэнкі, веласіпедамі ў сталіцы карыстаюцца больш як 300 тыс. гараджан. Веласіпедны рух плануецца развіваць у Мінску. Так, цяпер распрацаваны архітэктурна-планіровачныя канцэпцыі двух веламаршрутаў з Мінска: "Аквапарк "Лябяжы" - МКАД - Ждановічы" і "Лагойскі тракт - МКАД - Раўбічы".

У бягучым годзе будуць прапрацоўвацца пытанні вызначэння крыніц фінансавання праектаў і тэрмінаў іх рэалізацыі. У гэтым годзе плануецца пачаць будаўніцтва веладарожкі ў Ленінскім раёне - ад вуліцы Якубава, 56 да Маякоўскага, 129 працягласцю каля 3 км.

Гэты ўчастак будзе прымыкаць да магістральнай веладарожкі і стане сувязным з Лошыцкім паркам. Плануецца зрабіць сучаснае палатно з усёй неабходнай інфраструктурай.

У Фрунзенскім раёне разглядаецца магчымасць будаўніцтва веладарожкі ў зялёнай зоне на ўчастку ад вуліцы Прытыцкага праз парк Цівалі. У гэтым сезоне ва ўсіх парках сталіцы і ўздоўж магістральных веладарожак будуць устаноўлены стацыянарныя пункты харчавання для веласіпедыстаў. Атрымае далейшае развіццё сетка пунктаў пракату.

7 красавіка 2016, Мінск
Аксана Каруна - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1921/35089
Текущая дата: 20.05.2024