Белорусский портал в Казахстане

Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця вырашыў пакуль не выдаваць Беларусі крэдыт



Рашэнне аб выдзяленні Беларусі новага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця адкладзенае, нягледзячы на тое што Мінск знізіў запыт з 3 да 2 млрд. долараў, паведаміў у Маскве 8 снежня міністр фінансаў РФ.

Паводле слоў Антона Сілуанава, пытанне аб выдзяленні крэдыту разглядалася 8 снежня на пасяджэнні савета фонду.

"Мы хацелі б атрымання канкрэтных вынікаў ад рэалізацыі праграмы мер эканамічнага развіцця, якія былі закладзеныя ў план дзеянняў пры атрыманні гэтага крэдыту. Пакуль неабходных рашэнняў па рэалізацыі гэтых планаў мы не ўбачылі, таму адклалі прыняцце рашэння аб аказанні фінансавай дапамогі датуль, як убачым канкрэтны вынік", — цытуе кіраўніка Мінфіна ТАСС.

Сілуанаў зазначыў, што існуе адхіленне ад першапачатковых паказчыкаў па росце зарплат бюджэтнікаў у Беларусі і невыкананне шэрагу паказчыкаў, у тым ліку па дынаміцы тарыфаў на паслугі ЖКГ і транспарт. 

"Мы хацелі б вызначыць больш значную колькасць структурных мер пры даванні першага траншу, бо ён найбольш ёмісты — 500 млн. з 2 млрд. долараў крэдыту. І мы хацелі б папярэдне пры даванні першага траншу рэалізацыі канкрэтных структурных мер, уключаючы меры ў сферы прыватызацыі, якія не былі рэалізаваныя падчас выканання папярэдняй праграмы. А гэта адна з асноўных крыніцаў пры папаўненні бюджэту і паляпшэнні плацежнага балансу", — сказаў міністр. 

Месяцам раней старшыня праўлення Еўразійскага банка развіцця Дзмітрый Панкін паведаміў, што пытанне аб даванні новага крэдыту Беларусі з Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця будзе вырашанае ў першай дэкадзе снежня. "Наша пазіцыя заключаецца ў тым, што стабілізацыйны крэдыт, які запытала Беларусь, павінен выкарыстоўвацца не на стымуляванне ўнутранага попыту (падтрыманне пэўнага ўзроўню зарплат, крэдытную экспансію), а для таго, каб эканоміка стала больш збалансаванай і выйшла на больш высокі ўзровень сваёй канкурэнтаздольнасці", — растлумачыў Панкін.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 8 снежня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/1997/33551
Текущая дата: 18.05.2024