Белорусский портал в Казахстане

Месца правядзення пасяджэнняў кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе не мае значэння для іх выніковасці



Пра гэта ў пятніцу, 19 студзеня, заявіў кіраўнік МЗС Украіны Павел Клімкін у эфіры тэлеканала "Інтэр", перадае інтэрнэт-рэсурс "Страна.ua".

Кіраўнік МЗС Украіны прызнаў зручнасць Мінска як пляцоўкі для пасяджэнняў кантактнай групы

"На самой справе месца фармату не мае асаблівага значэння. Важна, што мы не рухаемся наперад у нашым працэсе", — заявіў Клімкін, абвінаваціўшы ў гэтым Расію.

У той жа час кіраўнік украінскага МЗС прызнаў зручнасць Мінска як пляцоўкі для пасяджэнняў кантактнай групы. "Чаму быў абраны Мінск? Гэта адносная нейтральнасць Беларусі, гэта добрая лагістыка — менш за гадзіну (палёту ад Кіева да Мінска). Вядома, пэўныя праблемы з бяспекай, але мы іх можам кантраляваць", — адзначыў ён.

Пры гэтым, на думку Клімкіна, сталіца Казахстана Астана для правядзення перамоў знаходзіцца занадта далёка.

Раней прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў расказаў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас сустрэчы з ім заявіў аб мэтазгоднасці пераносу з Мінска перамоў па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе.

На заяву Назарбаева аб магчымым пераносе перамоў па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне з Мінска ў іншае месца 19 студзеня таксама адрэагавала МЗС Беларусі. Міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь за лаўрамі міратворцы не гоніцца ў адрозненне ад іншых.

На думку Макея, "наўрад ці што-небудзь залежыць ад месца правядзення перамоў". "Перамовы па Украіне можна перанесці хоць у Антарктыду, калі будзе ўпэўненасць у іх поспеху", — заявіў міністр. "Але для з`яўлення гэтай упэўненасці трэба, каб усе ўцягнутыя ў гэты канфлікт бакі, а таксама нібыта "староннія", але вельмі зацікаўленыя дзяржавы былі шчыра нацэленыя на спыненне кровапраліцця", — дадаў Макей.

Ён нагадаў, што "не Беларусь напрошвалася ў якасці пляцоўкі для правядзення перамоў па Украіне, а кіраўнікі краін "нармандскай чацвёркі" выказалі просьбу да прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі прыняць у сябе ўдзельнікаў сустрэч па ўрэгуляванні ўкраінскага канфлікту".

У сваю чаргу ў Крамлі напярэдадні заявілі, што прыхільнасць да мінскіх дамоўленасцяў больш важная, чым выбар горада для абмеркавання мер па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне. "У дадзеным выпадку месца перамоў [па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне] не мае вялікага значэння", — сказаў журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 20 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2/42166
Текущая дата: 24.12.2024