Белорусский портал в Казахстане

Місія СНД прыме ўдзел у назіранні за выбарамі Прэзідэнта Беларусі



Місія СНД прыме ўдзел у назіранні за выбарамі Прэзідэнта Беларусі, паведаміла саветнік прэс-службы Выканкама Садружнасці Марыя Гуцала.

"Выканкам СНД атрымаў запрашэнне ад МЗС Беларусі прыняць удзел у назіранні за выбарамі Прэзідэнта Беларусі. Цяпер ідзе працэс фарміравання місіі. Мы разаслалі запрашэнні ў краіны СНД з просьбай прадставіць кандыдатуры сваіх прадстаўнікоў у склад місіі наглядальнікаў ад Садружнасці. 21 ліпеня на пасяджэнні Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці будзе ўзгоднена кандыдатура кіраўніка місіі. Выканкам СНД прапануе Сяргея Лебедзева", - расказала Марыя Гуцала.

Паводле яе слоў, сёння Выканкам СНД накіруе пісьмо ў Цэнтрвыбаркам з просьбай акрэдытаваць першую партыю наглядальнікаў ад місіі Садружнасці.

"Плануем, што наглядальнікі ад СНД будуць працаваць ва ўсіх рэгіёнах краіны. У дзень выбараў наглядальнікі будуць прысутнічаць на выбарчых участках з моманту іх адкрыцця і да завяршэння падліку галасоў. Сваю заяву па выніках назірання за ходам выбарчай кампаніі ў Беларусі місія агучыць 10 жніўня", - адзначыла саветнік прэс-службы.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі запланаваны на 9 жніўня. Цэнтрвыбаркам 14 ліпеня зарэгістраваў пяць кандыдатаў у прэзідэнты.

20 ліпеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2/54715
Текущая дата: 18.11.2024