Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі даў інтэрв`ю галоўнаму рэдактару часопіса "Национальная оборона" ваеннаму эксперту Ігару Каротчанку



Аляксандр Лукашэнка 9-га лістапада даў інтэрв`ю галоўнаму рэдактару расійскага часопіса "Национальная оборона" ваеннаму эксперту Ігару Каротчанку.

Размова доўжылася амаль дзве з паловай гадзіны. Абмяркоўвалі вынікі праведзенага нядаўна пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, асноўны змест і напрамкі развіцця інтэграцыі Беларусі і Расіі.

Вострая і актуальная цяпер тэма - міграцыйны крызіс. Аляксандр Лукашэнка падрабязна выказаў сваю пазіцыю аб тым, хто і чаму вінаваты ў існуючай сітуацыі. Размова таксама ішла ў цэлым аб становішчы ў рэгіёне і свеце - напружанасці на заходніх рубяжах, сітуацыі ва Украіне, усё большым геапалітычным процістаянні.

Яшчэ адзін блок пытанняў датычыўся ўнутранага парадку дня ў Беларусі - аналіз падзей мінулага года, работа над змяненнямі Канстытуцыі і падрыхтоўка да маючага адбыцца рэферэндуму, эпідэміялагічная сітуацыя і пытанні лячэння людзей. Улічваючы тэматычную накіраванасць часопіса, размова таксама ішла аб развіцці ваенна-прамысловага комплексу Беларусі, супрацоўніцтве ў гэтым плане з Расіяй.

Аляксандр Лукашэнка адказаў і на шэраг асабістых пытанняў, у тым ліку расказаў, як праводзіць вольны час, падтрымлівае здаровы лад жыцця.

У гэтым годзе Ігар Каротчанка прымаў удзел у сустрэчы кіраўніка беларускай дзяржавы з прадстаўнікамі медыйнай супольнасці "Вялікая размова з Прэзідэнтам", дзе звярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай аб інтэрв`ю. Беларускі лідар згадзіўся і слова стрымаў. Таксама апошнім часам Ігар Каротчанка ў якасці эксперта актыўна выказваўся ў сродках масавай інфармацыі па актуальных тэмах, у тым ліку па беларускім парадку дня.

Часопіс "Национальная оборона" выдаецца з 2006 года і выходзіць у электроннай і друкаванай версіях (штомесяц тыражом 22,5 тыс. экзэмпляраў). Тэматыка гэтага СМІ ўключае шырокі спектр пытанняў, звязаных з ажыццяўленнем нацыянальнай бяспекі Расіі. Мэтавая аўдыторыя – ваенна-палітычнае кіраўніцтва Расіі, супрацоўнікі сілавых міністэрстваў і ведамстваў, спецслужбаў, ваенна-дыпламатычны корпус, а таксама кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый абаронна-прамысловага комплексу, банкаўскіх, страхавых і фінансавых структур, якія абслугоўваюць АПК і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.

З 2008 года выпускаецца англамоўная версія часопіса, якая распаўсюджваецца ў якасці афіцыйнага выдання расійскай экспазіцыі на замежных выстаўках узбраенняў.



9 лістапада 2021, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2/61428
Текущая дата: 22.12.2024