На мінулым тыдні найлепшыя прадстаўнікі ВНУ сталіцы змагаліся за званне «Студэнт года г. Мінска 2024».
У барацьбе за першае месца сышліся 12 пераможцаў адборачных тураў ВНУ. Самыя таленавітыя, актыўныя і ініцыятыўныя. Сёлета канцэпцыя конкурсу была «Студэнт года г. Мінска 2024. Трансфармацыя». Тэматыка падкрэслівае важнасць развіцця асобы і якасных змен. Бо так важна памятаць аб тым, што кожны з нас здольны зрабіць свой унёсак у паспяховую будучыню і ўдасканаліць свет навокал сябе.
— Студэнцкая пара — час вялікіх магчымасцяў, росту, развіцця, станаўлення асобы. І мне прыемна, што тут няма абыякавых людзей. Ёсць толькі тыя, хто хоча нечага дасягнуць у жыцці. Я жадаю канкурсантам поспехаў. Сёння вы ўжо пераможцы, дзякуючы таму што знаходзіцеся на гэтай сцэне, — адзначыў на адкрыцці мерапрыемства памочнік Прэзідэнта — інспектар па г. Мінску Юрый Фралоў.
У сваю чаргу старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў падкрэсліў, што конкурс сабраў самых крэатыўных, смелых людзей, якія робяць усё, каб не спыняцца ў сваім развіцці: «Я думаю, мы ўбачым шмат цікавага, крэатыўныя ідэі, што рэпеціраваліся на працягу некалькіх тыдняў. Гэта паказвае, што ў Мінску шмат маладых людзей, якія імкнуцца да поспеху».
Канкурсантаў і гледачоў чакала насычаная праграма — з дэфіле, конкурсам аратарскага майстэрства і творчымі нумарамі. Так, падчас сцэнічнага нумара «Мастацтва пераўтварэння» ўдзельнікі прадстаўлялі свае творчыя здольнасці, якія адлюстроўваюць іх унутраны шлях і трансфармацыю.
А падчас конкурсу па аратарскім майстэрстве кожны выступіў з прамовай «Мая трансфармацыя: ад мары да рэальнасці». Акрамя таго, напярэдадні фіналу прайшла абарона праектаў у інтэлектуальным туры.
Цікава і тое, што за ўсю гісторыю існавання конкурсу ўпершыню ўдзельнікі дэфіліравалі пад музыку і аранжыроўкі ўсім вядомых хітоў, якія былі створаны спецыяльна для іх. У прыватнасці, для гэтага праекта напісалі песню аб моладзі Мінска, якая суправаджала фінальны канцэптуальны выхад удзельнікаў.
Шоу атрымалася чароўным. Аднак за ўсім гэтым прыгожым малюнкам стаялі доўгія гадзіны падрыхтоўкі. На працягу двух тыдняў канкурсанты паўдзельнічалі ў майстар-класах, вывучылі мастацтва дэфіле ад «Міс Мінск — 2023» Надзеі Тоўсцікавай, паслухалі курсы па аратарскім майстэрстве, лекцыі аб асабістым брэндзе і правільнай абароне праектаў, перажылі мноства рэпетыцый і падбораў калекцый, а таксама наведалі прадпрыемствы сталіцы ў рамках Года якасці.
Пасля такой дбайнай падрыхтоўкі ўсе 12 удзельнікаў выступілі дастойна, і журы зрабіла свой выбар. Па выніках конкурсу першае месца заняла студэнтка Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Дар’я Васільева, другое — студэнт БДАТУ Павел Лагвіновіч, трэцяе — курсант БДАА Арэст Шасцілоўскі. А ў намінацыі «Студэнт года анлайн» перамагла Ксенія Карцялёва з БНТУ. Усе яны прадставяць Мінск на рэспубліканскім этапе конкурсу «Студэнт года».
Аўтар: Лізавета Голад
Звязда, 4 снежня 2024
Звязда, 4 снежня 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/21/76057
Текущая дата: 29.12.2024