Белорусский портал в Казахстане

Адным з пунктаў узаемадзеяння Еўразійскага эканамічнага саюза і ЕС можа стаць праект па стварэнні адзінай транзітнай тэрыторыі



Такое меркаванне выказаў член Калегіі (міністр) па мытным супрацоўніцтве ЕЭК Уладзімір Гошын у Санкт-Пецярбургу на VI Міжнародным бізнес-форуме "Паўночнае вымярэнне", паведамілі ў прэс-службе ЕЭК.

Міністр падкрэсліў неабходнасць знаходзіць эфектыўныя пункты міжсістэмнага ўзаемадзеяння і новыя магчымасці для эканамічнага супрацоўніцтва двух саюзаў - ЕС і ЕАЭС. "Раней кіраўніцтва і Еўрасаюза, і Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі (цяпер ЕАЭС) неаднаразова выказвала ідэю аб стварэнні эканамічнай прасторы на той вялікай тэрыторыі, якую займаюць нашы аб`яднанні - ад Лісабона да Уладзівастока, - нагадаў ён. - Адным з пунктаў узаемадзеяння можа стаць праект па стварэнні адзінай транзітнай тэрыторыі як часткі такой эканамічнай прасторы. Гэта амбіцыйны праект, які пакуль знаходзіцца на ўзроўні ідэі, і, я разлічваю, знойдзе падтрымку тут, на VI форуме "Паўночнае вымярэнне", у першую чаргу, сярод прадстаўнікоў еўрапейскага бізнесу".

Уладзімір Гошын расказаў аб рабоце над стварэннем Мытнага кодэкса ЕАЭС, а таксама новаўвядзеннях у сферы мытнага рэгулявання, прызначаных спрасціць вядзенне знешнеэканамічнай дзейнасці на тэрыторыі саюза.

Міжнародны бізнес-форум "Паўночнае вымярэнне", арганізатарам якога з`яўляецца Асацыяцыя еўрапейскага бізнесу, праводзіцца ў Санкт-Пецярбургу ўжо шосты раз. У форуме традыцыйна ўдзельнічаюць прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дзелавых колаў Паўночна-заходніх рэгіёнаў Расіі і еўрапейскіх краін, якія з імі мяжуюць. Тэмай цяперашняга форуму стала міжнароднае супрацоўніцтва ў новых палітычных і эканамічных умовах.

27 сакавіка 2015, Масква
Эдуард Півавар - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2199/30235
Текущая дата: 03.07.2024