Белорусский портал в Казахстане

Беларусь ратыфікавала пагадненне з Расіяй аб распрацоўцы і арганізацыі серыйнай вытворчасці самалёта "Асвей"



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон, якім ратыфікавана міжурадавае пагадненне Беларусі і Расіі аб распрацоўцы і арганізацыі серыйнай вытворчасці двухрухавіковага лёгкага мнагамэтавага самалёта "Асвей". 

Інвестыцыйны праект па распрацоўцы 19-месцавага самалёта "Асвей" і арганізацыі яго серыйнай вытворчасці на базе ААТ "558 Авіяцыйны рамонтны завод" рэалізуецца ў рамках Комплекснай міжведамаснай праграмы па супрацоўніцтве з Расіяй у галіне авіябудавання.

Пагадненнем, падпісаным 15 красавіка 2024 года, вызначаюцца асноўныя пытанні арганізацыі, фінансавання і рэалізацыі інвестпраекта, упаўнаважаныя органы, правы на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці, а таксама аб`ём заказаў на вытворчасць фюзеляжаў і самалётаў, якія размяшчаюцца расійскім бокам у ААТ "558 Авіяцыйны рамонтны завод".

Прыняцце закона дазваляе стварыць у Беларусі ўмовы для фармавання ўласнай авіябудаўнічай галіны.

11 кастрычніка 2024, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/22/75509
Текущая дата: 23.11.2024