Белорусский портал в Казахстане

Прызначаны новы генеральны дырэктар "Мілавіцы"



Новым генеральным дырэктарам СП ЗАТ "Мілавіца" прызначана Алена Ткачэнка, якая раней працавала на пасадзе тэхнічнага дырэктара кампаніі.

Ткачэнка змяніла на пасадзе Нормундса Азолінша, які з`яўляўся генеральным дырэктарам прадпрыемства з канца 2013 года. 

Паводле слоў старшыні праўлення холдынгу Silvano Fashion Group Мэрта Меэрытса, "Нормунд Азолінш, з`яўляючыся прафесіяналам міжнароднага ўзроўню, прадоўжыў рэалізацыю ключавых мэт кампаніі ў частцы ўмацавання і развіцця брэнда Milavitsa". 

Алена Ткачэнка працуе ў кампаніі з 1996 года, на пасадзе тэхнічнага дырэктара — з 2007 года. 

У Беларусі рознічная сетка "Мілавіцы" ўключае 56 магазінаў, у тым ліку фірменныя секцыі ў найбуйнейшых універмагах сталіцы. У агульнай структуры збыту СП ЗАТ "Мілавіца" беларускі рынак займае другое месца пасля Расіі, што складае каля 25% агульнага аб`ёму продажу. Фірменная рознічная сетка "Мілавіцы" рэалізуе прадукцыю ў 23 краінах праз 616 магазінаў. З іх 52 магазіны знаходзяцца пад кіраўніцтвам холдынгу Silvano Fashion Group, 564 магазіны з`яўляюцца франчайзінгавымі і маюць права паводле дагаворных адносін выкарыстоўваць шыльду Milavitsa. 

Аптовае звяно прадстаўлена ў 29 краінах. З пачатку 2014 года кампанія адкрыла больш за 60 новых магазінаў, у тым ліку ў Ізраілі, Чэхіі, Балгарыі, Латвіі; наладжаны аптовыя пастаўкі ў ЗША, Мексіку, Ірландыю. У найбліжэйшыя два месяцы плануецца адкрыццё яшчэ 13 магазінаў. У 2015 годзе кампанія "Мілавіца" мае намер прадоўжыць развіццё рознічнай сеткі ў Расіі, Украіне, Латвіі, Казахстане, Бахрэйне і іншых краінах.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 26 студзеня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2211/29240
Текущая дата: 18.05.2024