Белорусский портал в Казахстане

Часткай святкавання паўвекавога юбілею легендарнай групы Scorpions стане канцэрт у Мінску 10 ліпеня



Аб гэтым паведамілі арганізатары канцэрта, які пройдзе ў "Мінск-Арэне".

Часткай святкавання паўвекавога юбілею легендарнай групы Scorpions стане канцэрт у Мінску.

Сёння паклоннікі музыкантаў радуюцца, паколькі група вырашыла адсвяткаваць такую грандыёзную дату сваёй гісторыі асабліва. Музыканты паабяцалі запісаць новы альбом, адправіцца ў тур і выпусціць дакументальны фільм "Forever and a Day". Трэйлер да гэтага фільма апублікаваны ўжо.

Фільм раскажа аб некалькіх апошніх гадах групы. Камера была з групай усюды: у Берліне, Мюнхене, Парыжы, Бангкоку, Лос-Анджэлесе і Маскве. У выніку рэжысёр Каця фон Гарніер сабрала гадзіны відэаматэрыялу, які ўключае нават кадры з 70-х, размовы аб фанатах, грашах, поспехах і няўдачах. На думку музыкантаў, "фільм адлюстроўвае не толькі гламур і рок-н-рол жывых канцэртаў, але і прыўзнімае заслону над цёмным бокам свету музычнай індустрыі - няўпэўненасцю ў сабе і ўнутраным канфліктам".

Адны з самых паспяховых нямецкіх рокераў Scorpions за 50-гадовую гісторыю свайго існавання прадалі больш за 100 мільёнаў альбомаў і адыгралі тысячы канцэртаў. У 2012 годзе група планавала завяршыць сваё існаванне, аднак усё склалася зусім па-іншаму. Адпраўляючыся ў трохгадовы развітальны тур, які складаўся з 200 канцэртаў, музыканты не ўяўлялі, як хутка ён скончыцца. На канцэрты прыходзілі тысячы фанатаў, сярод якіх было шмат маладых людзей. Выступленні перад слухачамі трох пакаленняў вельмі матывавалі і натхнілі музыкантаў.

Scorpions была створана ў 1965 годзе гітарыстам Рудольфам Шэнкерам. Сярод найбольш вядомых кампазіцый Scorpions можна назваць Rock You Like A Hurricane, Big City Nights, балады Still Loving You і Wind of Change, прысвечаныя новым павевам у сусветнай палітыцы, галоснасці і перабудове.

29 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2213/29394
Текущая дата: 18.06.2024