Беларускія ўлады жадаюць зрабіць больш выключэнняў з дзяржаўнай манаполіі на імпарт алкагольнай прадукцыі.
Саўмін Беларусі ўнёс у Палату прадстаўнікоў папраўкі па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі, вынікае са звестак Нацыянальнага прававога інтэрнэт-партала.
Адно з новаўвядзенняў – гэта пашырэнне выключэнняў з дзяржманаполіі на імпарт спіртнога. Выключнае права дзяржавы, напрыклад, не будзе распаўсюджвацца на ўзоры і экспанаты для выстаў. Для такіх мэт можна будзе ўвозіць не больш за 2,5 літра аднаго наймення алкагольных напояў.
Не будзе дзяржманаполіі і на продаж спіртнога ў магазінах Duty Free. Цяпер у гэты бізнес дапушчана дзяржарганізацыя "Дыпмаркет" з сістэмы Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Таксама прэзідэнцкім указам у дадзеным сегменце дазволена працаваць тром прыватным кампаніям: "БЕЛАМАРКЕТ д’юці фры", "Беламаркет ХЕЛЕНА ВАЛЕРЫ" і "МаркетЛіга".
Папраўкі дазволяць працаваць у гэтай сферы ўсім кампаніям са статутным фондам не менш за 24 тыс базавых велічынь (на дадзены момант – 888 тыс рублёў).
Іншыя выключэнні
Дзяржманаполія не будзе дзейнічаць і ў адносінах да дыпламатычных прадстаўніцтваў (у тым ліку консульстваў), прадстаўніцтваў міжнародных арганізацый, калі размова ідзе аб закупцы алкаголю для правядзення афіцыйных мерапрыемстваў.
Выключнае права дзяржавы не распаўсюджваецца і на імпарт алкаголю для перапрацоўкі, але ўвозіць можна ў пасудзінах ёмістасцю больш за 2 літры. Ёсць і іншыя выключэнні, у тым ліку ўвоз узораў спіртнога для ацэнкі адпаведнасці стандартам.
Акрамя таго, штогод Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) будзе складаць спіскі спіртных напояў, на імпарт якіх таксама не дзейнічае манаполія. Па дзеючых нормах, МАРГ штогод праводзіць конкурс. Па яго выніках тыя ці іншыя кампаніі ўваходзяць у спісак імпарцёраў спіртнога. Прычым кожнай юрыдычнай асобе даецца пералік відаў алкаголю, якія яна можа ўвозіць.
Па новых правілах, МАРГ будзе зацвярджаць менавіта спісак напояў, але ў яго могуць увайсці толькі:
*шампанскае;
*віны вінаградныя;
*вермуты і вінаградныя натуральныя віны іншыя з даданнем раслінных ці араматычных рэчываў у пасудзінах ёмістасцю 2 л ці меней;
*каньякі, у тым ліку вырабленыя з каньячных спіртоў, вытрыманых больш за 10 гадоў;
*віскі;
*ром;
*джын.
Увозіць гэтыя напоі, а таксама імпартаваць спіртное для перапрацоўкі змогуць тыя кампаніі, у якіх, як і ў выпадку з Duty Free, статутны фонд не меншы за 24 тыс базавых. Больш за тое, на імпарт трэба будзе атрымліваць ліцэнзію ў МАРГ.
Паўнамоцтвы прэзідэнта
У законе аб дзяржрэгуляванні абароту спіртнога застанецца норма аб тым, што гэта сфера рэгулюецца не толькі беларускім дакументам, але яшчэ і тэхрэгламентамі Мытнага саюза і актамі ЕАЭС.
Па-ранейшаму будзе лічыцца, што нормы міжнароднага дагавора вышэй за палажэнні гэтага закона.
"Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь могуць устанаўлівацца асаблівасці прававога рэгулявання адносін, рэгламентаваных гэтым Законам", - такую фразу прапануецца дадаць у закон.
Легальны самагон
Прапануецца і новае вызначэнне "арыгінальных алкагольных напіткаў", гэта значыць самагону і іншых такіх напіткаў, якія робяць і прадаюць у некаторых аграсядзібах і іншых турыстычных аб’ектах. Напрыклад, гэта комплекс "Дудуткі", нацпарк "Белавежская пушча" і гэтак далей. Спісак зацвярджаецца ўрадам.
Па дзеючных нормах гэта алкагольныя напоі, якія вырабляюцца "з ужываннем народных рэцэптаў" і для "аднаўлення паўнаты беларускіх нацыянальных традыцый". Цяпер азначэнне жадаюць значна пашырыць.
Па-першае, удакладняецца, што трэба выкарыстоўваць натуральную зерневую і раслінную сыравіну. Па-другое, павінна быць дыстыляцыя (перагон) "спіртазмяшчальнай масы" праз спецыяльныя апараты. Можна выкарыстоўваць і іншыя тэхналагічныя працэсы, але ў адпаведнасці з прынятымі нормамі стандартызацыі.
Калі папраўкі прымуць, то яны набудуць моц праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/223/71584
Текущая дата: 29.11.2024