Белорусский портал в Казахстане

Затрымана група мінчан, якія распаўсюджвалі псіхатропныя рэчывы ў тым ліку на тэрыторыі навучальнай установы



Ва ўпраўленні Следчага камітэта па Мінску расследуецца крымінальная справа аб распаўсюджванні псіхатропных рэчываў, у тым ліку пры дапамозе тайнікоў, абсталяваных на тэрыторыі школы-інтэрната.

Як паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Мінску Аляксандр Герасімаў, падчас расследавання крымінальнай справы па факце збыту больш як 100 г курыльных сумесяў, якія змяшчаюць псіхатропныя кампаненты, следчымі і супрацоўнікамі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС праведзены комплекс следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Устаноўлена, што да збыту асабліва небяспечных рэчываў маюць дачыненне трое мінчан 24—25 гадоў, якія нідзе не працуюць. Яны рэалізоўвалі як курыльныя сумесі, так і парашкападобнае псіхатропнае рэчыва пры дапамозе двух інтэрнэт-магазінаў. Тайнікі былі абсталяваныя ў розных раёнах Мінска, у тым ліку на тэрыторыі ўстановы адукацыі Заводскага раёна. 

Інтэрнэт-магазіны былі размешчаныя на серверы, які фактычна знаходзіўся за межамі беларускага сегмента сеткі, цяпер яны ліквідаваныя. 

Падазроныя затрыманыя. Падчас вобыскаў у іх дома канфіскавана камп`ютарная тэхніка, сродкі сувязі і іншыя рэчыўныя доказы, якія пацвярджаюць іх дачыненне да крымінальна караных дзеянняў, а таксама буйныя сумы наяўных грошай, атрыманых ад рэалізацыі забароненых рэчываў. З удзелам падазроных праводзяцца следчыя дзеянні, скіраваныя на ўстанаўленне ўсіх эпізодаў злачыннай дзейнасці.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 17 снежня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2244/28687
Текущая дата: 02.06.2024