Белорусский портал в Казахстане

Пажылая жанчына, пакінуўшы бальніцу на тэрыторыі Літвы, выпадкова трапіла ў Беларусь



Вечарам 11 лістапада за 200 метраў ад беларуска-літоўскай мяжы, у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці, на падставе інфармацыі мясцовых жыхароў памежнікі затрымалі пажылую грамадзянку Літвы.

Як паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі, у жанчыны 1926 года нараджэння пры сабе не было дакументаў, якія сведчаць асобу. Яна сказала, што заблудзіла і ненаўмысна перайшла дзяржаўную мяжу з Літвы ў Беларусь. 

З інфармацыі літоўскіх памежнікаў стала вядома, што ў гэты дзень жанчына знікла з бальніцы ў населеным пункце Эйшышкес. 

Парушальніцы рэжыму дзяржмяжы вынесенае папярэджанне, яна перададзеная супрацоўнікам Варэнскага атрада Службы аховы дзяржмяжы пры МУС Літвы. 

За 10 месяцаў гэтага года на беларуска-літоўскім участку за аналагічнае блуканне з парушэннем мяжы беларускім пагранічнікам давялося разбірацца з 28 грамадзянамі (16 з іх грамадзяне Беларусі, 11 — Літвы, адзін — Украіны).

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 12 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2304/28228
Текущая дата: 05.10.2024