Белорусский портал в Казахстане

Беларуская чыгунка пачала продаж білетаў на цягнікі ў нацыянальны аэрапорт Мінск



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе БЧ.

Беларуская чыгунка адкрыла продаж білетаў на цягнікі, што ідуць ад станцыі Мінск-Пасажырскі да нацыянальнага аэрапорта Мінск.

Білеты на цягнікі можна набыць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі ў пунктах афармлення праязных дакументаў БЧ, уключаючы плацежна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання. 

Падчас рэалізацыі праекта па запуску новага маршруту два новыя тэрміналы былі ўстаноўленыя на другой платформе станцыі Мінск-Пасажырскі, з якой штодзённа будуць адпраўляцца цягнікі ў аэрапорт. 

Прэс-служба зазначыла, што для ўсіх тэрміналаў БЧ была распрацаваная новая версія праграмнага забеспячэння і зменены інтэрфэйс экранаў, на якіх з`явілася кнопка "У нацыянальны аэрапорт Мінск". Каб набыць білет з выкарыстаннем тэрмінала, неабходна націснуць гэтую кнопку, уставіць банкаўскую плацежную картку, выбраць маршрут (Мінск-Пасажырскі — нацыянальны аэрапорт або Смалявічы — нацыянальны аэрапорт) і аплаціць праезд. 

У білетных касах і тэрміналах самаабслугоўвання Беларускай чыгункі праязныя дакументы ў нацыянальны аэрапорт Мінск можна набыць за 10 сутак да адпраўлення цягніка. Апрача таго, у дзень адпраўлення набыць праязны дакумент можна непасрэдна ў цягніку у білетных касіраў або цераз плацежныя тэрміналы самаабслугоўвання, устаноўленыя ў аэрапорце. 

Кошт адной паездкі да нацыянальнага аэрапорта ад станцыі Мінск-Пасажырскі складзе 25.000 рублёў, ад станцыі Смалявічы — 14.600 рублёў. 

Нагадаем, 7 лістапада рух пасажырскіх цягнікоў у аэрапорт будзе адкрыты ў тэставым рэжыме. У гэты дзень сучасны трохвагонны дызель-цягнік ажыццявіць два рэйсы. З 8 лістапада па гэтым маршруце ў тэставым рэжыме будуць штодзённа курсаваць пяць пар цягнікоў. У дарозе прадугледжаны адзін прыпынак — у Смалявічах. 

Праезд ад прыпыначнага пункта нацыянальны аэрапорт Мінск непасрэдна да аэрапорта будзе ажыццяўляцца на аўтобусе.  

Агульны час у дарозе з улікам перасадкі зойме прыблізна 70 хвілін, з іх 55-56 хвілін — праезд на цягніку.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2309/28037
Текущая дата: 03.07.2024