Белорусский портал в Казахстане

Рэгіянальнае свята-конкурс "Лялечны свет" збярэ ў горадзе Сянно 13 лялечных тэатраў Віцебскай вобласці



Аб гэтым паведамілі ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці.

Трынаццаць лялечных тэатраў Віцебскай вобласці прымуць удзел у рэгіянальным свяце-конкурсе аматарскіх калектываў "Лялечны свет", якое адбудзецца ў горадзе Сянно 4 лістапада. 

Стартуе свята ў Сенненскім раённым Доме культуры выстаўкай дзіцячых цацак і малюнкаў. "Сянно ператворыцца ў дзіцячую казачную краіну, у якой з раніцы да самага вечара будуць ісці спектаклі лялечных тэатраў вобласці. Многія з іх маюць ганаровыя званні "ўзорны", "народны" аматарскі калектыў. Гледачы сустрэнуцца з героямі пастановак "Дзюймовачка", "Ямелева шчасце", "Лялькі анлайн", "Церамок на новы лад", убачаць паказы "батлейкі" - традыцыйнага беларускага народнага лялечнага тэатра", - расказалі ў метадычным цэнтры, падкрэсліўшы, што гледачам не давядзецца сумаваць і ў перапынках паміж спектаклямі: 9 творчых калектываў прымуць удзел у конкурсе дзіцячых гульнявых праграм "Гульнявая вясёлка".

Акрамя таго, ужо другі раз у ходзе абласнога свята пройдзе дабрачынная акцыя "Лялечны свет" - дзецям", у час якой удзельнікі свята парадуюць падарункамі дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем`яў, а таксама выхаванцаў дзіцячых дамоў.

Пасля прагляду конкурсных паказаў кампетэнтнае журы падвядзе вынікі і ўручыць лепшым аматарскім лялечным тэатрам вобласці, а таксама пераможцам конкурсу дзіцячых гульнявых праграм дыпломы і прызы.

31 кастрычніка 2014, Віцебск
Алёна Ціханава - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2311/27944
Текущая дата: 01.07.2024