Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка сустрэўся ў Бішкеку з прэм’ерам Дзяржаўнага савета КНР Лі Цянам.
«Як сказаў старшыня КНР Сі Цзіньпін на сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі 1 сакавіка бягучага года, паміж нашымі краінамі ўстаноўлены ўзорныя адносіны, заснаваныя на праверанай часам дружбе, трывалым падмурку палітычнага даверу і практычнага супрацоўніцтва. Гэта выразна характарызуе дасягнуты ўзровень адносін. Любыя выклікі на міжнароднай арэне толькі ўмацоўваюць наша жалезнае братэрства і пацвярджаюць прыказку „Сябар пазнаецца ў бядзе“. Мы прайшлі разам няпростыя часы, якія звязаны з пандэміяй», — сказаў Раман Галоўчанка.
У пачатку пандэміі Беларусь у ліку першых адправіла ў КНР самалёты з гуманітарнай дапамогай. «Кітайскі бок у сваю чаргу накіраваў у Беларусь самалёты з гуманітарнай дапамогай і даў вакцыну, за што мы вельмі ўдзячныя», — падкрэсліў прэм’ер-міністр.
«Мінск і Пекін аказваюць узаемную падтрымку на міжнароднай арэне ва ўсіх ключавых пытаннях і дэманструюць імкненне да паглыблення ўзаемадзеяння па лініі Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Мы былі вельмі рады чуць у вашым учорашнім выступе словы аб падтрымцы кітайскім бокам далучэння Беларусі да ШАС», — адзначыў кіраўнік беларускага ўрада.
Бакі ў чарговы раз пацвердзілі прыхільнасць усепагоднаму стратэгічнаму партнёрству з мэтай умацавання жалезнага братэрства.
Як распавёў журналістам па выніках сустрэчы намеснік Міністра прамысловасці Беларусі Аляксандр Яфімаў, былі падведзены пэўныя вынікі сумесных праектаў, якія ўжо развіваюцца. «Таксама зроблены ўпор на паглыбленне прамысловай кааперацыі і навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння. Міністэрствамі прамысловасці Беларусі і Кітая з гэтай мэтай распрацаваны і дэталізаваны план сумеснага развіцця па спалучэнні прамысловых палітык дзвюх краін. Усе гэтыя праекты былі абмеркаваны на сустрэчы, ужо дасягнутыя вынікі атрымалі станоўчую ацэнку. Зроблены ўпор на рэалізацыю навукова-інавацыйных праектаў у самы бліжэйшы час», — сказаў ён.
Адзін з найбольш знакавых праектаў з кітайскімі партнёрамі рэалізуецца ў сферы аўтамабілебудавання. «Гэтаму напрамку і ў далейшым будзе надавацца пільная ўвага. Перад намі стаіць задача сыходзіць у больш глыбокую лакалізацыю — вытворчасць аўтакампанентнай базы ў Беларусі. Мы дамовіліся з кітайскімі партнёрамі, што будзем сумесна рухацца ў гэтым кірунку», — звярнуў увагу намеснік міністра.
У планах яшчэ цэлы шэраг інавацыйных праектаў у розных сферах прамысловасці — гэта і станкабудаванне, і мікраэлектроніка. «У прыватнасці, кітайскія партнёры выказалі вялікае жаданне абменьвацца вопытам у сферы мікраэлектронікі. Беларусь захавала і прымножыла кампетэнцыі ў галіне вытворчасці электроннай кампанентнай базы, абсталявання для вытворчасці мікрасхем. Гэта вельмі цікава нашым кітайскім партнёрам», — падкрэсліў Аляксандр Яфімаў.
Звязда, 27 кастрычніка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/236/71332
Текущая дата: 30.11.2024