Узровень падлеткавай злачыннасці ў краіне за 9 месяцаў бягучага года знізіўся на 9%. Пра гэта расказаў старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб паўналетніх і моладзі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Раман Сідарэнка.
«За кожнай сухой лічбай статыстыкі, няхай гэта будзе дзіця, якое ўчыніла злачынства, або пацярпелы, за сем’ямі, якія стаяць на ўліку, — лёсы дзяцей. Каб такія негатыўныя з’явы былі максімальна нівеліраваны на заканадаўчым узроўні створана і працуе сістэма прафілактыкі. Яна ўключае ў сябе шэраг органаў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства адукацыі, МУС, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, мясцовыя органы ўлады. Ёю замацаваны ролі і задачы кожнага суб’екта прафілактыкі, абавязкі. Сістэма выразна працуе пры ўмове, калі кожны дзяржорган выконвае ўскладзеныя на яго функцыі, а бацькі выконваюць свае задачы па выхаванні свайго дзіцяці», — адзначыў Раман Сідарэнка.
Сярод асноўных прычын і ўмоў, якія спрыяюць безнагляднасці і ўчыненню правапарушэнняў, спецыяліст назваў адсутнасць належнага бацькоўскага кантролю, а таксама пасіўную пазіцыю суб’ектаў прафілактыкі ў шэрагу пытанняў.
«За апошнія два гады фармат пракурорскага нагляду зведаў кардынальныя змены, што пацягнула змены ў падыходах да кожнага суб’екта прафілактыкі. Так, больш увагі надаецца пытанням нагляду менавіта з тымі дзецьмі, якія раней не траплялі ў поле зроку праваахоўных органаў. Тыя падлеткі, якія стаяць на розных формах ўліку, трапляюць пад прафілактыку, але з поля зроку выпадаюць дзеці, якія знаходзяцца ў спрыяльным асяроддзі. Выпусціўшы іх з увагі, часам як вынік мы атрымліваем здзяйсненне імі правапарушэнняў і злачынстваў. Па выніках праверак за апошнія два гады было ўнесена больш за 5 тыс. актаў нагляду і, прымаючы меры пракурорскага рэагавання, мы ў тым ліку карэктуем працу суб’ектаў прафілактыкі. Гэта дае свой плён: за 9 месяцаў у рэспубліцы назіраецца зніжэнне амаль на 9% колькасці ўчыненых падлеткамі злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх», — распавёў Раман Сідарэнка.
Звязда, 27 кастрычніка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/236/71347
Текущая дата: 30.11.2024