Абмеркаванне ідэй адбылося на закрыцці Маладзёжнага студэнцкага форуму па Мэтах устойлівага развіцця. Над распрацоўкай і канцэпцыяй ініцыятыў працавалі студэнты розных факультэтаў у складзе чатырох каманд.
Адна з агучаных ідэй накіравана на вырашэнне праблемы нерацыянальнага выкарыстання паперы пры падрыхтоўцы рэфератаў і курсавых работ. Для гэтага студэнты прапануюць алічбаваць вучэбныя работы з дапамогай укаранення дадзенай функцыі на Адукацыйным партале БДУ. Акрамя асноўнай задачы, на думку моладзі, дапрацоўка функцыянавання сайта дапаможа павысіць мабільнасць студэнтаў і выкладчыкаў.
Таксама ў рамках форуму была прадстаўлена ўнікальная дыстанцыйная платформа для абмену ведамі паміж студэнтамі БДУ. Па задумцы распрацоўшчыкаў, яна будзе ўключаць сайт і чат-бот у «Тэлеграме». Праект задуманы па прынцыпе «роўны навучае роўнага» і разлічаны на сумесную работу студэнтаў, якія жадаюць атрымаць веды, і тых, хто валодае гэтымі ведамі. У выніку платформа дапаможа павысіць якасць адукацыі.
Распрацавалі студэнты і варыянты фірменнай прадукцыі Мэтаў устойлівага развіцця для БДУ. Прааналізаваўшы запыты студэнцкай аўдыторыі, каманда вылучыла майкі, ручкі, налепкі і шоперы як найбольш выгадныя для распаўсюджвання сярод студэнцкай моладзі.
Яшчэ адна ініцыятыва студэнтаў — «Энергія ведаў» — заключаецца ў размяшчэнні блокаў з паўэрбанкамі для зарадкі мабільных прылад. На думку распрацоўшчыкаў, гэта дапаможа студэнтам заўсёды быць падключаным да інтэрнэту.
У прэс-службе ВНУ паведамілі, што ўсе праекты прымуць удзел у конкурсе «Найлепшы моладзевы праект БДУ». Кіраўніцтва над рэалізацыяй ідэй ажыццяўляе Студэнцкі савет Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Надзея Нікалаева
Звязда, 16 кастрычніка 2023
Звязда, 16 кастрычніка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/241/71220
Текущая дата: 30.11.2024