Белорусский портал в Казахстане

Беларуская экспазіцыя прадстаўлена на тэкстыльнай выстаўцы ў Ташкенце



Беларуская экспазіцыя прадстаўлена на сёмай міжнароднай выстаўцы UzTextileExpo Autumn у Ташкенце (Узбекістан) з 18 па 20 кастрычніка, паведамілі ў «Белінтэрэкспа» БелГПП.

Мерапрыемства аб’яднала 183 кампаніі з 8 краін, уключаючы Беларусь, Узбекістан, Індыю, Кітай, Казахстан, Кыргызстан, Таджыкістан і Туркменістан.

Рэспубліка Беларусь — традыцыйны ўдзельнік выстаўкі UzTextileExpo. Беларускую экспазіцыю ў гэтым годзе прадстаўляюць буйныя экспарцёры нафтахімічнай галіны, уключаючы такія прадпрыемствы, як «Нафтан», «Магілёўхімвалакно» і «Светлагорскхімвалакно». Кампаніі прывезлі з сабой багаты асартымент прадукцыі, якая карыстаецца попытам ва ўзбекскіх і рэгіянальных спажыўцоў.

Павільён Беларусі ў дзень адкрыцця выстаўкі наведалі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ва Узбекістане Леанід Марыніч, старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна, намеснік старшыні асацыяцыі «Узтэкстыльпрам» Санжар Тухтаеў.

Высокапастаўленыя госці адзначылі якасць беларускай прадукцыі, а таксама выказалі інтарэс да далейшага развіцця супрацоўніцтва з Беларуссю.

Кожнае з прадпрыемстваў прапануе прадукты, якія выклікаюць інтарэс у наведвальнікаў. «Нафтан» знаёміць наведвальнікаў з акрылавымі валокнамі ўласнай вытворчасці- трывалым матэрыялам, які шырока прымяняецца ў тэкстыльнай прамысловасці. «Магілёўхімвалакно» прадстаўляе поліэфірнае валакно для вырабу тканін, уцяпляльнікаў, сінтэпону, нятканых палотнаў. Сярод прэзентаванай прадукцыі прадпрыемства таксама значыцца поліэтылентэрэфталат ( ПЭТ) — высокатрывалы пластык, які выкарыстоўваецца ў вытворчасці тары. «Светлагорскхімвалакно» дэманструе нятканыя матэрыялы павышанай трываласці, поліэфірныя тэкстыльныя ніткі, трыкатажныя палотны ў розных выкананнях — афарбаваныя, з эфектам лаку, адбеленыя, варсаваныя, ціснёныя і многія іншыя.

Удзел беларускіх кампаній у UzTextileExpo Autumn падкрэслівае важны крок у супрацоўніцтве з Узбекістанам і сусветным рынкам тэкстыльнай індустрыі.

Арганізатар беларускай экспазіцыі — выставачнае прадпрыемства «Белінтэрэкспа» Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Звязда, 18 кастрычніка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/241/71298
Текущая дата: 30.11.2024