Белорусский портал в Казахстане

Урад Беларусі правядзе навагоднюю акцыю для ветэранаў



Па задуме Саўміна, у пачатку студзеня наступнага года па ўсёй краіне будуць віншаваць не толькі ветэранаў Вялікай Айчыннай, але і доўгажыхароў, адзінокіх пажылых людзей і іншых.

Мясцовыя бюджэты выдзеляць грошы на правядзенне дабрачыннай акцыі "Ад усёй душы", якая пройдзе па ўсёй краіне з 3 па 15 студзеня 2024 года, гаворыцца ў афіцыйна апублікаванай пастанове беларускага ўрада.

На акцыю таксама дазволена прыцягнуць фінансы з пазабюджэтных і іншых крыніц, не забароненых законам. Аргкамітэт "Ад усёй душы" ўзначаліць віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка, а намеснікам будзе міністр адукацыі Андрэй Іванец. Гэты ж аргкамітэт зоймецца і традыцыйнай навагодняй акцыяй "Нашы дзеці" (пройдзе з 15 снежня 2023 года па 15 студзеня 2024-га).

Мэтавай аўдыторыяй акцыі "Нашы дзеці" будуць кадэты, пераможцы прадметных алімпіяд, дзеці-сіроты (да 14 гадоў), дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных сямей, дзеці загінулых супрацоўнікаў сілавых структур і іншыя.

Акцыю "Ад усёй душы" правядуць для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны; пацярпелых ад наступстваў гэтай вайны; адзінокіх пажылых людзей; доўгажыхароў; ветэранаў працы і некаторых іншых прадстаўнікоў старэйшага пакалення.

У тым ліку, плануецца, што да ветэранаў і іншых адрасатаў акцыі дамоў прыйдуць валанцёры для "сацыяльна-бытавой дапамогі". Будуць і спецыяльныя святочныя мерапрыемствы і віншаванні, у тым ліку дома, у хоспісах, бальніцах сястрынскага догляду.

Акцыя "Нашы дзеці", як і раней, прадугледжвае правядзенне навагодніх свят для дзяцей. У тым ліку гэта будуць балі з удзелам высокапастаўленых прадстаўнікоў дзяржорганаў. Напрыклад, у Палацы Незалежнасці ў Мінску плануецца баль з уручэннем падарункаў для 1,5 тысячы дзяцей. Акцыя "Нашы дзеці" будзе фінансавацца з рэспубліканскага бюджэту.

Мінск, 8 кастрычніка 2023
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/245/71162
Текущая дата: 30.11.2024