Белорусский портал в Казахстане

"Беларуснафта" чакае павелічэнне нафтааддачы на сваіх расійскіх актывах ужо ў бліжэйшыя месяцы



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

"Беларуснафта" ўжо ў бліжэйшыя месяцы чакае павелічэнне нафтааддачы на сваіх расійскіх актывах, набытых у канцы 2013 года ў ААТ "НК "Янгпур".

Рост здабычы вуглевадародаў, як сцвярджаюць спецыялісты, будзе атрыманы за кошт укаранення перадавых тэхналогій, якія даюць магчымасць павялічыць здабычу нафты і газавага кандэнсату. У студзені бягучага года сіламі вытворчых падраздзяленняў ТАА "Беларуснафта-Сібір" праведзены ўжо 3 рамонты на свідравінах. Некалькі дзён таму было завершана свідраванне з глыбіні 351 м субгарызантальнай свідравіны на Ізвесцінскім радовішчы. Цяпер спецыялісты вядуць падрыхтоўку да пачатку свідравання яшчэ аднаго бакавога ствала.

З дапамогай так званых субгарызантальных свідравін адкрываецца прадукцыйны пласт пад вуглом ад 80° да 85°, што дае магчымасць павялічваць адбор нафты з пласта і аптымізаваць агульную колькасць свідравін. Гэтыя работы праводзяцца ў рамках распрацаванай у аб`яднанні праграмы комплексных даследаванняў фонду набытых свідравін і ўдасканалення сістэмы падтрымання пластавога ціску. На момант куплі актываў у прадаўца ў распрацоўцы было 3 нафтавыя і 1 газакандэнсатнае радовішча, фонд свідравін складаў 44 адзінкі.

Аб`ём здабычы вуглевадародаў беларускай кампаніяй на радовішчах Заходняй Сібіры да 2017 года павінен скласці не менш як 200 тыс.т, што на 50 працэнтаў вышэй за паказчык 2013 года.

Вытворчае аб`яднанне "Беларуснафта" створана ў 1966 годзе. Прадпрыемства вядзе пошук, разведку і распрацоўку нафтавых радовішчаў, бурэнне свідравін, здабычу нафты і спадарожнага нафтавага газу ў Беларусі, працуе ў нафтавай сферы іншых краін, у тым ліку Расіі, Украіны, Венесуэлы, Эквадора.

31 студзеня 2014, Гомель
Валерый Сідорчык - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2466/24870
Текущая дата: 02.07.2024