Белорусский портал в Казахстане

У Браслаўскім раёне затрыманы два нелегальныя мігранты з Грузіі



У ноч з 12 на 13 студзеня полацкія памежнікі ў Браслаўскім раёне (Віцебская вобласць) спынілі спробу парушэння дзяржаўнай мяжы з Латвіяй двума выхадцамі з Каўказа.

Як паведамілі ў Дзяржаўным пагранічным камітэце Беларусі, напярэдадні на пагранічны пост паступіла інфармацыя аб тым, што ў пагранічнай зоне на аўтадарозе, якая вядзе да аўтадарожнага пункта пропуску праз мяжу, спыніўся аўтамабіль, з якога выйшлі двое невядомых і паглыбіліся ў лясны масіў у напрамку мяжы.

У выніку пошукавых дзеянняў з выкарыстаннем службовага сабакі на аддаленні 150 метраў за спробу парушэння мяжы былі затрыманы двое мужчын, 1980 і 1983 гадоў нараджэння. У ходзе разбору высветлілася, што затрыманыя з`яўляюцца грамадзянамі Грузіі. Нелегальна трапіць у Латвію і далей у Заходнюю Еўропу каўказцы спрабавалі ў пошуках лепшых умоў жыцця. У Беларусь затрыманыя прыляцелі на самалёце з Тбілісі.

Па гэтым факце пачаты адміністрацыйны працэс. Парушальнікам пагражае штраф да 6,5 млн. рублёў кожнаму і выдварэнне з краіны.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 13 студзеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2470/24651
Текущая дата: 28.09.2024