Белорусский портал в Казахстане

Ступень даверу насельніцтва дзяржаўным СМІ вельмі высокая



Аб гэтым заявіў 28 лістапада на пасяджэнні Віцебскага аблвыканкама міністр інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі.

"Ёсць дастаткова аб`ектыўных сацыялагічных даследаванняў, якія сведчаць аб вельмі высокай ступені даверу насельніцтва дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі", - сказаў Алег Праляскоўскі. Разам з тым міністр інфармацыі выказаў сваю думку наконт апазіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў. "Не трэба дэманізаваць апазіцыйныя сайты. Па вялікім рахунку, гэта сайты для рэспубліканскіх чыноўнікаў. Яны пішуць - мы чытаем. Вялікай папулярнасці ў гэтых інтэрнэт-рэсурсаў няма. Моцна аглядацца на іх не трэба", - упэўнены ён.

У ходзе абмеркавання пытання аб ролі сродкаў масавай інфармацыі ў рэалізацыі інфармацыйнай палітыкі дзяржавы ў Віцебскай вобласці кіраўнік міністэрства адзначыў, што сітуацыя ў СМІ Віцебшчыны лепшая сярод усіх рэгіёнаў рэспублікі. "Тут самая вялікая па краіне колькасць акупных рэгіянальных выданняў і самая высокая насычанасць друкаванымі выданнямі", - канстатаваў Алег Праляскоўскі. Таксама міністр высока ацаніў работу, праведзеную па зліцці дзвюх абласных газет у адну "Витебские вести". "За вельмі кароткі час яна і раскруцілася, і выйшла на самаакупнасць. Гэта добры паказчык", - дадаў ён.

Алег Праляскоўскі таксама звярнуў увагу на той факт, што ва ўсім свеце папулярнасць інтэрнэт-версій газет паступова выцясняе інтарэс да іх друкаваных выданняў. Таму ў мэтах свайго захавання на сайтах газеты павінны размяшчаць актуальную навінную інфармацыю, а на паперы выпускаць аналітычныя матэрыялы.

Паводле слоў начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Кліцунова, сектар дзяржаўных масмедыя прадстаўлены на інфармацыйным полі вобласці 24 дзяржаўнымі газетамі, у тым ліку адной абласной ("Витебские вести"), дзвюма гарадскімі ("Віцьбічы", г.Віцебск; "Новая газета", г.Наваполацк), 21 раённай. Таксама ў рэгіёне функцыянуюць дзяржаўныя тэлепраграмы "Віцебскае тэлебачанне" (РУП РТЦ "Тэлерадыёкампанія "Віцебск"), "Лепельскае ТБ", "Паставы ТБ", "Вектар ТБ" (г.Наваполацк); абласное радыё, 21 раённая і гарадская радыёпраграма; дзве дзяржаўныя FM-станцыі: "Радыё "Віцебск" і "Радыё Вектар" (г.Наваполацк). Усе рэгіянальныя газеты маюць электронныя версіі. Створаны і сістэматычна абнаўляюцца інтэрнэт-сайты абласнога і гаррайвыканкамаў.

28 лістапада 2013, Віцебск
Вольга Багачова - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2500/24235
Текущая дата: 05.10.2024