Белорусский портал в Казахстане

Прынцыпова новую заканадаўчую базу плануецца сфарміраваць у жыллёвай палітыцы Беларусі да 2014 года



Аб гэтым 22 лістапада паведаміў прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з парламентарыямі

"Мы разлічваем, што да пачатку 2014 года будзе сфарміравана прынцыпова новая заканадаўчая база, прынята каля 15 нарматыўных прававых актаў па гэтым пытанні. Гэта неабходна для павышэння эфектыўнасці будаўнічай галіны", - адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

На будаўніцтва арэнднага жылля і жылля з дзяржаўнай падтрымкай, завяршэнне будаўніцтва праблемных дамоў прадугледжана Br13,5 трлн. крэдытных рэсурсаў. Пры гэтым плануецца паскоранае стымуляванне індывідуальнага жыллёвага будаўніцтва за кошт росту фінансавання інжынерна-транспартнай інфраструктуры да раёнаў жылой забудовы.

Міхаіл Мясніковіч расказаў таксама аб фінансаванні жыллёвага будаўніцтва ў 2013 годзе. План на 2013 год фінансавання жылых дамоў з дзяржаўнай падтрымкай ацэньваецца ў Br10 трлн., на 1 лістапада прафінансавана Br7 трлн. 533 млрд., але зыходзячы з фактычных заявак на астатнія два месяцы неабходна Br1 трлн. 838 млрд., каб забяспечыць фінансаванне ўсіх планавых уводных дамоў 2013 года і праблемных дамоў, якія былі пачаты, але ператварыліся ў даўгабуды", - паведаміў прэм`ер-міністр.

Пры гэтым Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на тое, што даўгабуды з`явіліся з-за неарганізаванай работы гарвыканкамаў і райвыканкамаў, якія пачалі будаўніцтва дамоў, не маючы часта ні праектна-каштарыснай дакументацыі, ні крыніц фінансавання.

25 лістапада 2013, Мінск
Ганна Кот - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2502/24173
Текущая дата: 05.10.2024