Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Кітай створаць дзве сумесныя вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі



Адпаведныя пагадненні падпісаны 21 студзеня ў Пекіне, паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.

Паводле слоў намесніка прэм`ер-міністра Беларусі Анатоля Тозіка, дакументы падпісаны з віцэ-губернатарамі правінцыі Ганьсу і аўтаномнага раёна Унутраная Манголія. "Гаворка ідзе пра стварэнне сумесных вытворчасцяў сельскагаспадарчай тэхнікі, найперш энерганасычаных трактароў", — адзначыў віцэ-прэм`ер. Пры гэтым бакі дамовіліся пра магчымасць сумеснай дапрацоўкі тэхнікі з улікам патрэбнасцяў і асаблівасцяў Кітая.

"У ліку падпісаных сёння дакументаў выгаднае для абодвух бакоў пагадненне аб стварэнні прываду пераменнага току для трактарнай тэхнікі, а таксама аб экспарце ў Кітайскую Народную Рэспубліку беларускага інтэлектуальнага прадукту на некалькі сотняў тысяч долараў ЗША", — паведамляе прэс-служба.

Як паведамлялася, некалькі дакументаў, якія прадугледжваюць развіццё двухбаковага партнёрства, былі падпісаны напярэдадні, у тым ліку дарожная карта супрацоўніцтва на 2014—2018 гады. Яшчэ шэраг дакументаў плануецца падпісаць найбліжэйшымі днямі. "Гэта праекты, якія будуць мець пэўныя эканамічныя вынікі", — падкрэсліў Тозік. Усяго падчас цяперашняга візіту ў Кітай прэм`ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча плануецца падпісаць больш як 20 дакументаў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 22 студзеня 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2518/24741
Текущая дата: 06.10.2024