Белорусский портал в Казахстане

Аляксандр Рыбак на Новы год падорыць родным спантаннае падарожжа



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе "Master Management".

Нарвежскі выканаўца беларускага паходжання Аляксандр Рыбак у Новым годзе збіраецца на некалькі дзён на адпачынак з сям`ёй, але пакуль яшчэ не вырашыў, куды. Артыст хоча зрабіць сюрпрыз сабе і родным - выбраць краіну за дзень да вылету, паколькі лічыць, што гэта надасць уражанняў і адрэналіну,

Цяпер спявак адпачывае пасля традыцыйнага каляднага канцэртнага тура, які складаўся з 50 канцэртаў. У гэтым годзе святы ён праводзіць з сям`ёй, у асяроддзі сваякоў і блізкіх сяброў.

Аляксандр Рыбак расказаў на сваёй старонцы ў сацсетцы аб традыцыях святкавання Каляд у яго сям`і: "У дзяцінстве я заўсёды прачынаўся пад калядную музыку, якую ўключала мая мама, і гэтай раніцай заўсёды хутка бег у мамін пакой, дзе быў схаваны калядны шкарпэтак, а ў шкарпэтку былі цукеркі (так, вельмі дзіўная традыцыя). Гэта быў адзіны дзень у годзе, калі я мог з`есці столькі шакаладу, колькі хацеў (ну, акрамя майго дня нараджэння). І маёй наступнай справай дня было бегчы ў пакой таты, дзе былі ўсе падарункі. І гэта куча падарункаў была вельмі вялікая, таму я сапраўды з нецярпеннем чакаў таго моманту, калі мы пакладзём іх пад ёлку", - расказаў спявак.

Таксама кожныя Каляды артыст іграе ў царкве - такая традыцыя існуе ўжо 15 гадоў. У гэтым годзе пераможца "Еўрабачання-2009" таксама наведаў урачыстасці ў адной з цэркваў Осла і сыграў на скрыпцы некалькі калядных твораў.

"Кожную куццю ў нас аднолькавыя традыцыі. Мой тата ходзіць па магазінах за ўсімі рэчамі, якія мама забылася купіць, а мама і я робім у гэты час традыцыйную калядную страву "Ribbe" (свіныя рэбры). Яго вельмі цяжка гатаваць, і працэс займае 6-7 гадзін. Як мы знаходзілі час для гэтага, яшчэ іграючы ў царкве, я не разумею", - падзяліўся сямейнымі гісторыямі Аляксандр Рыбак.

26 снежня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2529/24523
Текущая дата: 06.10.2024