Белорусский портал в Казахстане

У Слуцку ўшанавалі памяць удзельнікаў збройнага чыну 1920 года



Мерапрыемствы ў сувязі з гадавінай Слуцкага збройнага чыну 1920 года правялі 24 ліпеня ў Слуцку прадстаўнікі апазіцыі.

Акцыямі зацікавіліся супрацоўнікі міліцыі.

На гарадскім стадыёне Слуцка адбыўся мітынг, арганізаваны Партыяй БНФ. Паводле слоў лідара партыі Аляксея Янукевіча, у ім узялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек.

"Мітынг прайшоў нармальна, без эксцэсаў, — заявіў палітык. — Слуцкі збройны чын — найбуйнейшае ўзброенае выступленне беларусаў у ХХ стагоддзі за свабоду, незалежнасць, ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта сапраўды гераічная старонка беларускай гісторыі, вельмі важна, каб памяць пра яе жыла".

Пасля завяршэння мітынгу супрацоўнікі міліцыі папрасілі Янукевіча і кіраўніка слуцкай арганізацыі партыі Віталя Амяльковіча, як арганізатараў акцыі, прайсці ў аддзяленне. Палітыкі правялі ў РАУС каля гадзіны. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол апытання ў сувязі з тым, што пасля заканчэння мітынгу на стадыёне частка яго ўдзельнікаў накіравалася ў бок краязнаўчага музея, дзе працягваўся мітынг, арганізаваны Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ. У гэтым міліцыя ўгледзела прыкметы парушэння закона аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Янукевічу і Амяльковічу заявілі, што будзе праводзіцца праверка на прадмет магчымага парушэння заканадаўства.

Гэта ўжо другі такі інцыдэнт, які адбыўся сёння з удзельнікамі акцыі. Некалькімі гадзінамі раней у вёсцы Грозава Капыльскага раёна ў мясцовае аддзяленне міліцыі былі дастаўлены Алесь Макаеў і Ілья Дабратвор. Разам з іншымі палітыкамі і грамадскімі актывістамі яны накіроўваліся на аўтобусе з Мінска ў Слуцк, вырашыўшы па дарозе заехаць у месцы, звязаныя з легендарным паўстаннем, каб ушанаваць памяць яго герояў. Удзельнікі акцыі ўсклалі кветкі да памятнага крыжа ў Грозаве і запалілі свечкі. Супрацоўнікі міліцыі папярэдзілі іх аб адказнасці за правядзенне несанкцыянаванай акцыі і для дачы паказанняў правялі ў мясцовае аддзяленні міліцыі Макаева з Дабратвором, якіх пасля праверкі асоб адпусцілі.

Аўтобус таксама павінен быў заехаць у вёску Семежава Капыльскага раёна, але на пад`ездзе да населенага пункта яго спынілі супрацоўнікі ДАІ. Супрацоўнікі міліцыі параілі ехаць адразу ў Слуцк, бо заезд у Семежава не быў узгоднены з мясцовымі ўладамі. Каб пазбегнуць канфлікту, ад наведвання Семежава было вырашана адмовіцца.

Напярэдадні, 23 лістапада, у вёсцы Казловічы Слуцкага раёна павінен быў прайсці калектыўны прагляд дакументальнага фільма "40 дзён сялянскай рэспублікі", прысвечанага Слуцкаму паўстанню. Прагляду, на які сабралася 17 чалавек, перашкодзіла міліцыя. Супрацоўнікі Слуцкага РАУС палічылі прагляд фільма несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам. У выніку ў дачыненні да арганізатараў былі складзены пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Слуцкі збройны чын 1920 года быў спробай узброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцка. На працягу месяца, у лістападзе—снежні, ваенныя атрады, сфарміраваныя пераважна з мясцовых сялян, аказвалі супраціўленне савецкім войскам, якія наступалі.

Гадавіну Слуцкага збройнага чыну адзначылі сёння ў Слуцку таксама прадстаўнікі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ. Яны правялі мітынг каля Слуцкага краязнаўчага музея. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек. Акцыя прайшла без інцыдэнтаў.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН
Мінск, 24 лістапада 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2545/24194
Текущая дата: 06.10.2024