Белорусский портал в Казахстане

Праграма супрацоўніцтва паміж урадамі Беларусі і Індыі ў галіне культуры, мастацтва і адукацыі на 2014-2016 гады падпісана ў Мінску



Цырымонія падпісання дакумента адбылася 17 кастрычніка ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі.

Ад імя ўрада Беларусі праграму падпісаў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў, ад імя індыйскага ўрада - міністр культуры Індыі Чандрэш Кумары Катач.

"Індыя і Беларусь маюць даўнія адносіны. Падпісаная праграма пашырае магчымасці супрацоўніцтва ў культурнай сферы", - адзначыла Чандрэш Кумары Катач.

Паводле слоў міністра культуры Індыі, мэтай яе візіту таксама было вывучэнне магчымасцей абмену студэнтамі, а таксама абменаў паміж тэатрамі, бібліятэкамі, музеямі. "Павінна сказаць, што тэатры, якія існуюць у Індыі, вядома, не ідуць у параўнанне з беларускімі тэатрамі. Таму такі абмен быў бы важны для нашай краіны", - лічыць Чандрэш Кумары Катач.

Як растлумачыў Барыс Святлоў, адносіны ў сферы культуры паміж Беларуссю і Індыяй развіваюцца з 1993 года, калі было падпісана агульнае пагадненне, якое ўключала не толькі пытанні культуры, але і пытанні спорту, адукацыі, інфармацыі. Праз некаторы час гэта пагадненне было ўдакладнена і быў падпісаны новы дакумент, які дзейнічаў да 2009 года. "З 2009 года ўтварыўся нейкі прававы вакуум, хоць кантакты ў галіне культуры не спыняліся. Падпісанне гэтага дакумента сведчыць аб тым, што мы ствараем добрую платформу і юрыдычную базу для пашырэння нашых сувязей у далейшым", - упэўнены міністр культуры Беларусі.

Міністры культуры Беларусі і Індыі абмеркавалі напрамкі, у якіх магло б развівацца ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва дзвюх краін. У прыватнасці, абмяркоўвалася магчымасць правядзення ў 2014 годзе Дзён культуры Беларусі ў Індыі, а ў 2015-м - Дзён культуры Індыі ў Беларусі. Акрамя таго, індыйскі бок праяўляе вялікую цікавасць да супрацоўніцтва нацыянальных бібліятэк, абмену фальклорнымі калектывамі.

Адказваючы на пытанне аб магчымасці стварэння беларуска-індыйскага кінапрадукту, Барыс Святлоў адзначыў: "Пытанні кінавытворчасці ў Індыі цяпер знаходзяцца ў кампетэнцыі не Міністэрства культуры, а Міністэрства інфармацыі. Гэта не перашкаджае, але і не вельмі садзейнічае наладжванню кантактаў у гэтай сферы. Перашкодай можа быць тое, што ўвесь кінематограф Індыі прыватны. Калі мы будзем наладжваць кантакты, то гэта трэба ў першую чаргу рабіць не праз выкарыстанне адміністрацыйнага рэсурсу з боку Індыі. Трэба зацікавіць прыватныя кінастудыі".

Чандрэш Кумары Катач у сваю чаргу дадала, што Індыя зацікаўлена ў правядзенні тыдняў беларускага і індыйскага кіно на тэрыторыі дзвюх краін. "Індыйскія фільмы былі папулярныя ў Савецкім Саюзе, і я думаю, што фестывалі індыйскага кіно могуць праходзіць у Беларусі, а беларускія фільмы могуць быць прадстаўлены індыйскаму гледачу", - адзначыла міністр культуры Індыі.

18 кастрычніка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2561/23874
Текущая дата: 07.10.2024