Белорусский портал в Казахстане

Конкурс фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік", які пройдзе 2-5 лістапада ў час ХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад", разбурае стэрэатыпы аб дзіцячым кіно



Такое меркаванне сёння на прэс-канферэнцыі выказаў праграмны дырэктар ігравога кіно форуму Ігар Сукманаў.

"Адна з мэт конкурсу - разбурыць стэрэатып аб тым, што дзіцячае кіно належыць выключна дзецям. Гэта не зусім так. У свеце здымаецца вельмі шмат карцін, якія цікавыя самай рознай аўдыторыі", - сказаў Ігар Сукманаў, адзначыўшы, што пасля прагляду конкурснай праграмы дарослым будзе пра што пагаварыць не толькі з дзецьмі, але і паміж сабой.

У конкурсе "Лiстападзік" прадстаўлены карціны "Каваль з Падлесся" Паўла Гебля (Чэхія - Славакія), "Грандыёзнае птушынае спаборніцтва" Крысціяна Дзюэкера (Данія), "Тайна Ягора" Аляксандра Ерофеева (Расія), "Таямнічы хлопчык" Дражэна Жаркавіча (Харватыя), "Клара і мядзведжыя тайны" Тобіяса Інайхена (Швейцарыя - Германія), "Мама, я цябе люблю" Яніса Нордса (Латвія - Літва), "Падарожжа Ігара і жураўлёў" Яўгена Румана (Ізраіль - Германія - Польшча), "Не чакай пахвал" Яня Цзіня (Кітай - Паўднёвая Карэя). Адкрые творчыя спаборніцтвы ігравы поўнаметражны фільм рэжысёра Алены Туравай "Кіндэрвілейскі прывід" (вытворчасць кінастудыі "Беларусьфільм") па матывах навелы Оскара Уайльда.

Старшынёй журы конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі "Лістападзік" будзе рэжысёр, актрыса, прэзідэнт Фонду Георгія Данэлія і генеральны дырэктар галерэі "Пан-Дан" Галіна Данэлія. У склад экспертнай калегіі ўвойдуць беларускі акцёр Павел Харланчук, армянская актрыса і рэжысёр Армінэ Анда.

18 кастрычніка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2561/23878
Текущая дата: 07.10.2024