Белорусский портал в Казахстане

Да 2025 года доля жыхароў Беларусі, якія маюць залішнюю вагу, можа дасягнуць 50 працэнтаў



Аб гэтым 27 жніўня журналістам паведаміла кіраўнік лабараторыі праблем здароўя дзяцей і падлеткаў РНПЦ "Маці і дзіця" Маргарыта Дзевялтоўская.

"У Беларусі расце колькасць людзей з залішняй вагой. Так, за апошнія 10 гадоў колькасць дзяцей і падлеткаў з лішняй вагой узрасла ў 2 разы. Сёння кожнае чацвёртае дзіця мае такую праблему. Прагноз наступны: недзе да 2025 года колькасць жыхароў Беларусі, якія маюць залішнюю вагу, будзе дасягаць 50 працэнтаў. Гэты прагноз зыходзіць з агульнага трэнду развіцця сітуацыі. Пры ўмове, калі мы інтэнсіўна не будзем развіваць матывацыю да захавання здаровага ладу жыцця", - сказала Маргарыта Дзевялтоўская.

У 90 працэнтах выпадкаў праблемы з залішняй вагой - гэта вынік няправільнага харчавання. Беларусы з-за сваіх прывычак ужываюць больш, чым трэба, тлустых малочных і мясных прадуктаў. Прычым мяса часцей за ўсё жыхары рэспублікі ядуць не ў натуральным выглядзе, а ў выглядзе каўбасных вырабаў, у якіх схавана 30-40 працэнтаў тлушчу. Залішне спажываюцца бульба, хлебабулачныя вырабы і ласункі. А вось агародніны, садавіны, зеляніны, злакаў, рыбы і морапрадуктаў варта было б есці больш.

Каб пазбегнуць праблем з залішняй вагой, спецыялісты раяць прытрымлівацца пяці асноўных прынцыпаў рацыянальнага харчавання, распрацаваных Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя. Згодна з імі, харчаванне павінна быць умераным, збалансаваным па незаменных харчовых рэчывах, чатырохразовым, прычым кожны прыём ежы прадугледжвае параўнальна невялікую колькасць ежы, разнастайным і паўнацэнным. Апошняму прынцыпу надаецца асаблівае значэнне. Галоўнае - штодзень спажываць свежую агародніну, садавіну і зеляніну.

27 жніўня 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2597/22960
Текущая дата: 28.09.2024