Белорусский портал в Казахстане

Мінск адзначае 945-годдзе



Жыхары і госці сталіцы святкуюць Дзень горада — 945 гадоў з моманту першага згадвання Мінска ў "Аповесці мінулых гадоў". У межах Дня горада пройдзе прыкладна 70 мерапрыемстваў, паведамляе Мінгарвыканкам.

Паводле традыцыі свята пачнецца ў 11.00 з ускладання кветак да абеліска "Мінск — горад-герой" прадстаўнікамі ўлады і грамадскіх арганізацый.

Апоўдні каля Нацыянальнай бібліятэкі адкрыецца выстава-кірмаш вырабленых у Мінску тавараў. На сцэне будуць выступаць фальклорныя калектывы.

У гэты ж час святочныя мерапрыемствы пачнуцца ў іншых месцах цэнтра горада. Так, у Траецкім прадмесці з 12.00 да 20.00 пройдзе свята вулічнай музыкі. На ўдзел у ім падалі заяўкі ўжо больш за 50 музыкантаў і калектываў, якія выступяць у розных жанрах на сямі пляцоўках.

Каля Палаца спорту будзе арганізавана спартыўнае свята і выступленні маладзёжных калектываў — яны будуць доўжыцца да 21.00.

Свята сярэднявечнай культуры з удзелам прадстаўнікоў рыцарскіх клубаў пройдзе з 12.00 да 19.00 у зялёнай зоне на ўчастку паміж абеліскам "Мінск — горад-герой" і Палацам спорту.

У ратушы ў 12.30 адкрыецца выстава "Кніга-2012", прысвечаная Году кнігі. Тут будуць паказаны старадрукі, выданні канца XVIII — пачатку XX стагоддзяў, а таксама кнігі беларускіх выдавецтваў пра Мінск, на старонках якіх асвятляецца гісторыя горада з найстаражытных часоў да сённяшняга дня.

З 17.00 да 18.30 у ратушы пройдзе цырымонія ўручэння ўзнагарод "Мінчанін года". Відэатрансляцыю можна будзе ўбачыць на экране, устаноўленым на Ратушнай плошчы.

Некалькі сцэнічных пляцовак будуць працаваць у парку Перамогі. З 12.00 да 18.00 тут пройдзе свята "Вянок нацыянальных культур", а ў 18.00 пачнецца праграма з удзелам артыстаў беларускай эстрады, якая завершыцца ў 22.00 феерверкам.

Сёлета на Дні горада будуць задзейнічаны дзве новыя пляцоўкі — у скверы Янкі Купалы і на вуліцы Карла Маркса. У скверы з 12.00 да 19.00 пройдзе свята "Песняры роднага краю", прысвечанае 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. У выкананні драматычных артыстаў і самадзейных дэкламатараў прагучаць вершы беларускіх класікаў, а ў выкананні музыкантаў — песні, створаныя на вершы Купалы і Коласа.

Свята маладзёжнай культуры будзе арганізавана з 12.00 да 20.00 на пешаходнай вуліцы Карла Маркса. Тут выступяць непрафесійныя артысты і музыканты, пройдзе выстава-продаж модных самаробных аксесуараў.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць таксама на вуліцах Рэвалюцыйнай і Камсамольскай, дзе будзе рэканструяваны гарадскі побыт XIX стагоддзя, а ў дворыках адбудуцца музычныя, тэатральныя выступленні, майстар-класы па народным мастацтве, выставы мастакоў і г.д.

Вялікі святочны канцэрт опернай музыкі можна будзе паглядзець з 19.00 да 21.00 каля Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.

Святочныя мерапрыемствы пройдуць і ў кожным раёне горада.

9 верасня святкаванні атрымаюць працяг у гарадскіх парках.

У месцах масавых гулянняў у гэтыя дні будуць арганізаваны выязны гандаль і кірмашы.

Трэба адзначыць, што напярэдадні Дня горада ў Мінску былі затрыманы і асуджаны паводле абвінавачання ў дробным хуліганстве актывісты маладзёжнага апазіцыйнага руху: прадстаўнік грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Аляксей Цёплы, а таксама тры актывісты маладзёжнага крыла кампаніі "Гавары праўду!" "Zмена" Ягор Віняцкі, Павел Вінаградаў і Аляксандр Арцыбашаў. Паводле меркавання назіральнікаў, такім чынам улады вырашылі ізаляваць ад грамадскасці маладых людзей, вядомых арганізацыяй крэатыўных апазіцыйных акцый.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 8 верасня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2915/16252
Текущая дата: 30.09.2024