Белорусский портал в Казахстане

Міліцыя Бішкека расследуе напад на пасольства Беларусі



Міліцыя Бішкека пачала расследаванне нападу на пасольства Беларусі ў Кыргызстане.

Як паведамляе мясцовае інфармагенцтва 24.kg са спасылкай на ГУУС Бішкека, з беларускай дыпмісіі паступіла заява з просьбай прыняць меры да прадстаўнікоў грамадскіх аб`яднанняў "Мекен шэітэры", "7 красавіка" і "Айкол Ала-Тоа", якія падчас несанкцыянаванай акцыі разбілі ў будынку пасольства шыбы.

Міліцыя правяла агляд месца здарэння і ўзяла відэазапіс інцыдэнту, знятага камерай вонкавага назірання. Цяпер запіс знаходзіцца на экспертызе. Акрамя гэтага, устанаўліваюцца асобы, якія маюць дачыненне да правапарушэнняў, і нанесены матэрыяльны ўрон, паведамілі ў сталічным ГУУС.

Раней у МУС Кыргызстана заяўлялі, што не могуць устанавіць асобу арганізатараў і ўдзельнікаў несанкцыянаванага мітынгу і нападу на беларускае пасольства, нягледзячы на тое што гэтыя людзі адкрыта сустракаліся з журналістамі і раздавалі шматлікія інтэрв`ю, адзначае 24.kg.

На пасольства Беларусі быў учынены напад раніцай 28 жніўня, у будынку былі разбіты шыбы. Дыпмісію атакавалі сваякі ахвяр дзяржаўнага перавароту 2010 года, яны патрабавалі экстрадыцыі з Мінска скінутага прэзідэнта Курманбека Бакіева і яго брата Жаныбека, якія абвінавачваюцца ва ўчыненні цяжкіх крымінальных злачынстваў. Удзельнікі мітынгу патрабавалі спынення працы пасольства і разрыву дыпадносін з уладамі Беларусі, якія "хаваюць забойцаў". Мітынгоўцы таксама патрабавалі, каб да іх выйшаў пасол.

Пасол Віктар Дзенісенка сустрэўся з лідарамі "Айкол Ала-Тоа" і "Мекен шэітэры" і паабяцаў інфармаваць іх праз МЗС Кыргызстана аб тым, як вырашаецца пытанне з экстрадыцыяй Бакіевых. Пасля сустрэчы з паслом мітынгоўцы разышліся.

У той жа дзень у беларускае МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Кыргызстана, якога папярэдзілі "пра недапушчальнасць правакацыйных дзеянняў, што ставяць пад пагрозу дзейнасць дыпламатычнага прадстаўніцтва і яго супрацоўнікаў". Беларускі бок запатрабаваў забяспечыць надзейную ахову свайго пасольства.

Чатырма днямі раней, 24 жніўня, Кыргызстан адклікаў з Беларусі свайго пасла. Нагодай для дыпламатычнага канфлікту сталі выкладзеныя ў інтэрнэт фатаграфіі брата экс-прэзідэнта Жаныбека Бакіева, які адшукваецца Інтэрполам. Ён быў сфатаграфаваны каля ўваходу ў кафэ "Грунвальд" у цэнтры Мінска. Кіргізскі бок запатрабаваў ад Мінска затрымання і экстрадыцыі брата Бакіева, які знаходзіцца ў міжнародным вышуку паводле абвінавачання ў асабліва цяжкіх злачынствах.

Раніцай 30 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Бішкеку пасол Беларусі выказаў сумненне адносна сапраўднасці фатаграфій Жаныбека Бакіева. "Я таксама бачыў фота ў СМІ, але я не зусім яму давяраю, таму што тут больш палітыкі, чым доказаў", — сказаў пасол, падкрэсліўшы, што здымак быў зроблены прадстаўніком беларускай апазіцыі.

БелаПАН
Мінск, 30 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2921/16165
Текущая дата: 30.09.2024