Белорусский портал в Казахстане

Сырыя: урад узмацняе авіяўдары, паўстанцы атакуюць лётнішчы



Урадавыя войскі ўсталявалі сёньня кантроль над большай часткай Дамаску, але ў Алепа паўстанцы па-ранейшаму трымаюць абарону.

Сырыйскія войскі пры падтрымцы авіяцыі падверглі сёньня бамбардаваньню і артылерыйскаму абстрэлу найбуйнейшы горад краіны Алепа. Апазыцыянэры, якія кантралююць шэраг кварталаў гораду, адзначаюць, што ўрадавыя сілы пачалі надзвычай актыўна ўжываць у баях авіяцыю.

Паведамляецца, што ўрадавыя войскі ўсталявалі сёньня кантроль над большай часткай сталіцы краіны Дамаску, але ў Алепа паўстанцы па-ранейшаму трымаюць абарону.

У апошнія дні паўстанцкія атрады атакавалі шэраг лётнішчаў і базаў вайсковай авіяцыі, імкнучыся сарваць яе ўдзел у апэрацыях наземных войскаў. Улады Сірыі заяўляюць, што ўчора ўрадавым войскам удалося адбіць масіраваны напад паўстанцаў на базу ВПС у ваколіцах Алепа. Сырыйскія актывісты паведамляюць, што ўзброеныя прыхільнікі апазыцыі захапілі вайскова-паветраную базу на ўсходзе краіны – непадалёку ад мяжы зь Іракам.

Паводле сырыйскай праваабарончай групы, якая базуецца ў Лёндане, за мінулыя суткі ў Сірыі загінулі каля ста чалавек – галоўным чынам у Алепа і прымесьцях Дамаску.

Адначасова пачынаецца міратворчая місія альжырскага дыплямата Ляхдара Брахімі, які замяніў Кофі Анана на пасадзе пасланьніка ААН і Лігі Арабскіх Дзяржаў у Сырыі.

Таксама сёньня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што чакаць добраахвотнага вываду ўрадавых войскаў з сырыйскіх гарадоў – «нерэалістычна».

Радыё Свабода,  1 верасьня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2921/16302
Текущая дата: 30.09.2024