Белорусский портал в Казахстане

Назіральнікі ад СНД: У Беларусі ідзе актыўная праца па інфармаванні грамадзян аб парламенцкіх выбарах



"Назіральнікі адзначаюць, што ў Рэспубліцы Беларусь ідзе актыўная праца па інфармаванні грамадзян аб парламенцкіх выбарах", — гаворыцца ў інфармацыйным паведамленні штаба місіі назіральнікаў ад СНД, распаўсюджаным 17 жніўня.

Так, яны звяртаюць увагу на тое, што на інтэрнэт-сайце Цэнтральнай камісіі і на старонках друку размешчаны адрасы і тэлефоны акруговых выбарчых камісій. Рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў аб межах выбарчых участкаў апублікаваны ў мясцовых сродках масавай інфармацыі. У населеных пунктах вывешаны інфармацыйныя плакаты.

Доўгатэрміновыя назіральнікі працягваюць знаёміцца з працай акруговых выбарчых камісій. Па стане на 17 жніўня са 110 акруговых выбарчых камісій назіральнікі наведалі больш як 60.

Назіральнікі адзначаюць забяспечанасць выбарчых камісій заканадаўчымі актамі аб парламенцкіх выбарах і неабходнымі метадычнымі рэкамендацыямі. З членамі акруговых выбарчых камісій праведзены семінары-нарады па пытаннях арганізацыі і правядзення выбараў.

Завершаны этап утварэння ўчастковых выбарчых камісій, які, паводле меркавання назіральнікаў ад СНД, прайшоў ва ўстаноўленыя Выбарчым кодэксам тэрміны. У 6.031 участковую камісію ўвайшлі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб`яднанняў, а таксама грамадзяне, якія падалі заяву. У складзе ўчастковых камісій — прадстаўнікі дзевяці палітычных партый. "Таксама палітычным партыям была дадзена магчымасць накіраваць па адным сваім прадстаўніку ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў у якасці яе членаў з правам дарадчага голасу. Такой магчымасцю пакуль скарысталіся Беларуская партыя левых "Справядлівы свет", Ліберальна-дэмакратычная і Камуністычная партыя Беларусі", — гаворыцца ў паведамленні.

Назіральнікі ад СНД пазітыўна ставяцца да ўдзелу ў маніторынгу парламенцкіх выбараў нацыянальных назіральнікаў, "што дазволіць узмацніць грамадзянскі кантроль за ходам выбараў, зрабіць іх празрыстымі". Да гэтага часу акруговымі і ўчастковымі выбарчымі камісіямі акрэдытаваны больш як 400 назіральнікаў ад розных палітычных партый і грамадскіх аб`яднанняў.

У складзе місіі акрэдытаваны 47 назіральнікаў, у тым ліку 35 — на доўгатэрміновай аснове.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 17 жніўня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2935/15873
Текущая дата: 30.09.2024