Белорусский портал в Казахстане

Улады Беларусі не ўпусцілі польскага сенатара



Беларускія памежнікі не ўпусцілі ў краіну польскага сенатара Станіслава Гогача (партыя "Права і справядлівасць").

Намеснік дырэктара кабінета спікера сената Здзіслаў Іваніцкі паведаміў Польскаму агенцтву друку (ПАП), што інцыдэнт адбыўся на беларуска-польскім пагранічным пераходзе "Кузніца-Брузгі" каля 9 раніцы 22 красавіка.

"Сенатар ехаў з дыпламатычным пашпартам, у якім супрацоўнікі беларускай пагранслужбы паставілі пячатку "ўезд забаронены", — сказаў Іваніцкі.

Гогач павінен быў прысутнічаць у Гродне на фінале дыктоўкі па польскай мове з удзелам беларускіх палякаў. Адзін з абавязкаў польскага сената — клопат аб паляках замежжа.

Іваніцкі адзначыў, што 23 красавіка магчымая рэакцыя ўрада Польшчы на гэты інцыдэнт.

Нагадаем, падобны выпадак адбыўся 21 лютага, калі шэсць членаў камісіі сейма па сувязях з палякамі замежжа накіроўваліся ў Гродна для сустрэчы з прадстаўнікамі не прызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў. На пагранпераходзе "Кузніца-Брузгі" дэпутатам было адмоўлена ва ўездзе без тлумачэння прычын і нягледзячы на наяўнасць у іх дыпламатычных пашпартаў.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 23 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/2998/13745
Текущая дата: 01.07.2024