Белорусский портал в Казахстане

Загінуў гарадзенскі журналіст і літаратар Юры Гумянюк



Увечары 19 студзеня ён выпаў зь 9-га паверху ў інтэрнаце непадалёк ад дому ў прыватным сэктары, дзе жыў з маці-пэнсіянэркай. Пакуль невядома, ці гэта было самагубства, забойства альбо няшчасны выпадак.

Юры Гумянюк працаваў на беларускую службу польскага радыё пад псэўданімам Вацлаў Галімскі. Раней ён працаваў загадчыкам літаратурнай часткі Гарадзенскага тэатру лялек, карэспандэнтам газэты «Пагоня», быў сталым аўтарам беластоцкага штомесячніка «Czasopis». Летам 2011 году падчас акцый маўклівага пратэсту ў Горадні быў арыштаваны на 12 сутак.

Нарадзіўся ён у 1969 годзе. Скончыў Гарадзенскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, аддзяленьне паляністыкі. Быў сябрам Таварыства вольных літаратараў, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.  Аўтар кніг паэзіі: «Водар цела» (1992), «Твар Тутанхамона» (1994), «Рытуал» (1999), «Вуліца тыгровых архідэяў. Вершы 1987—2003» (2003) і раману «Апосталы нірваны» (1995).

Юры Гумянюк, верш на Свабоду, 2001 год:

Нас абрубілі на высокай ноце,
І мы цяперака знаходзімся ў цэйтноце,
Як мухі п’яныя на тлустым бэгемоце,
Ці як жарынкі на патухлым кноце.
Мы ўсё жыцьцё чакаем новых цудаў,
Жытло шыкоўнае будуем для прыблудаў,
І молімся штодня на чэрап юдаў,
Гукаючы: «Няхай жыве краіна хлудаў!»
Не дачакацца нам ніколі дабрадзея,
Калі ня ўздымемся, дык у скрусе пасівеем.
Давайце ж станем мастакамі дзеі,
Пакуль у сэрцах ёсьць нязгаслая надзея!
Гвалтаўнікі, што чыняць перашкоды,
Уласнаручна зьнішчаць свае стоды,
Пасьля патрапяць пад абцасы моды,
А мы адчуем корсткі смак свабоды.

Радыё Свабода, 19 студзеня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3/19042
Текущая дата: 15.11.2024