Белорусский портал в Казахстане

У Эўразьвязе зноў зьявяцца дзяржаўныя межы?



Францыя і Нямеччына прапануюць унесьці папраўку ў дамову аб бязьвізавай шэнгенскай зоне, паводле якой удзельнікі гэтай зоны мелі б права ўзнаўляць памежны кантроль у выпадку, калі б краіна, якая ахоўвае зьнешнія межы Эўразьвязу, не давала рады справіцца з патокам нелегальных мігрантаў.

Ліст з такой прапановай міністры ўнутраных справаў Францыі і Нямеччыны, Клёд Геан і Ганс-Пэтэр Фрыдрых, накіравалі на адрас дацкага старшынёўства ў Эўразьвязе.

«Трэба прызнаць, што ў некаторых выпадках краіны-сябры Эўразьвязу ня здольныя забясьпечыць свае зьнешнія межы ў дастатковай ступені. У гэтых выпадках нам трэба мець другую лінію кантролю, і таму мы хочам, каб было магчыма ўзнаўляць памежны кантроль на абмежаваны тэрмін 30 дзён, калі краіны-сябры не спраўляюцца з забесьпячэньнем сваіх зьнешніх межаў у дастатковай ступені» – растлумачыў журналістам ідэю француска-нямецкай прапановы Ганс-Пэтэр Фрыдрых.

У шэнгенскую зону ўваходзяць 26 краінаў, у тым ліку чатыры, якія не зьяўляюцца сябрамі ЭЗ: Швэйцарыя, Нарвэгія, Ісьляндыя і Ліхтэнштэйн. У гэтай зоне жыве каля 400 мільёнаў чалавек.

Нямецкая газэта Süddeutsche Zeitung піша, што Францыя і Нямеччына перш за ўсё заклапочаныя нелегальнай міграцыяй у Эўропу праз паўднёвую і ўсходнюю межы шэнгенскай зоны. Гэта можа адносіцца да Грэцыі, якая ў апошнім часе стала транзытным шляхам нелегальных мігрантаў у Эўропу з Турцыі і Блізкага Ўсходу.

Падчас кампаніі перад першым турам прэзыдэнцкіх выбараў, які адбудзецца 22 красавіка, прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі заяўляў, што без «сур’ёзнага прагрэсу» ў пытаньні зьмяненьня шэнгенскай дамовы Францыя можа прыпыніць свой удзел ў шэнгенскай зоне.

Радыё Свабода
20 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3003/13692
Текущая дата: 03.07.2024