Белорусский портал в Казахстане

Замкнёнасць — не на карысць літаратуры



18 красавіка ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрылася Міжнародная навуковая канферэнцыя "Беларуская і руская літаратуры: тыпалогія ўзаемасувязяў і нацыянальнай ідэнтыфікацыі".

Аляксандр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы, член-карэспандэнт НАН Беларусі, адзначыў, што наша дзяржава ўдзяляе вялікую ўвагу духоўнаму развіццю грамадства, невыпадкова за сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі мы не страцілі кнігу. І сімвалічна, што надзвычай важныя для духоўнага жыцця грамадства тэмы, актуальныя навуковыя праблемы абмяркоўваюцца менавіта ў Акадэміі навук — інтэлектуальным цэнтры краіны.

Стасункі паміж літаратурамі павінны ўзмацняцца, бо адасобленасць, камернасць, замкнёнасць ніколі не былі на карысць літаратуры і мовы, падкрэсліў акадэмік НАН Беларусі Уладзімір Гніламёдаў. "Беларуская літаратура — адна з самых гуманных літаратур свету. Так наканавана лёсам", — упэўнены галоўны рэдактар часопіса "Полымя" Мікола Мятліцкі.

Асаблівасці беларуска-рускіх літаратурных сувязяў у розныя гістарычныя перыяды, праблемы гарманічнага суіснавання рускай культуры з нацыянальнай, філасофія бачання свету ў творчасці класікаў і сучаснікаў, праблемы перакладу і многія іншыя абмяркоўваюцца на канферэнцыі, у якой бяруць удзел не толькі айчынныя навукоўцы, але і вучоныя з Расіі і Польшчы.

Таццяна Вічык
Звязда, 19 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3005/13651
Текущая дата: 05.07.2024