Белорусский портал в Казахстане

Амабасадары днямі вернуцца ў Беларусь



Пра гэта заявіў 18 красавіка ў Брусэлі міністар замежных справаў Славаччыны Міраслаў Лайчак.

Паслы краінаў Эўразьвязу маюць вярнуцца ў Беларусь найбліжэйшымі днямі, заявіў сёньня ў Брусэлі міністар замежных справаў Славаччыны Міраслаў Лайчак:

«Ужо час вяртацца амбасадарам, бо нам трэба, каб амбасадары рабілі сваю працу. Яны не павінны быць часткай палітычнай спрэчкі паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Да таго ж, Эўразьвяз быў даволі велікадушны – нашыя амбасадары выехалі зь Беларусі, але мы пакінулі беларускіх амбасадараў у сваіх краінах, пагадзіўшыся з дысбалянсам на карысьць Беларусі. Такім чынам мы таксама хацелі паказаць, што мы не зацікаўленыя ў эскаляцыі сытуацыі. У той жа час зразумела, што гэта ня можа трываць доўга. Цяпер ёсьць невялікі пазытыўны зрух – вызваленьне спадароў Саньнікава і Бандарэнкі вельмі важнае – але гэта першы крок на доўгім шляху...

Амбасадары не палітыкі. Таму мы не павінны рабіць гэта палітычным пытаньнем. Чым менш будзе увагі мэдыяў і палітычнага акцэнту на вяртаньні амбасадараў, тым лепей для таго, што мы хочам дасягнуць у Беларусі. Няма прычыны чакаць. Я лічу, што гэта адбудзецца найбліжэйшымі днямі».

Радыё Свабода
18 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3007/13625
Текущая дата: 08.07.2024