Белорусский портал в Казахстане

Беларусь збіраецца актывізаваць выязны кірмашовы гандаль у прамежных рэгіёнах з Украінай



Адпаведная пастанова № 477 прынята Саветам міністраў Беларусі, паведамляе прэс-служба ўрада.

Дакумент скіраваны на рэалізацыю міжурадавага беларуска-ўкраінскага пагаднення аб выязным кірмашовым гандлі ў памежных рэгіёнах таварамі нацыянальнай вытворчасці, якое было падпісана 5 лістапада 2009 года.

Саўмін, у прыватнасці, зацвердзіў палажэнне аб арганізацыі выязнога кірмашовага гандлю ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях, якія мяжуюць з Украінай. Яно вызначае агульныя патрабаванні да арганізацыі выязнога кірмашовага гандлю, функцыі аператара (арганізатара) і каардынатара мерапрыемства.

Вызначана, якімі павінны быць пляцоўка для арганізацыі гандлю, гандлёвыя і іншыя аб`екты на ёй, абсталяванне.

Арганізатар кірмашу павінен інфармаваць пра падрыхтоўку мерапрыемства дзяржорганы і службы, што ажыццяўляюць памежны, мытны, санітарна-каранцінны, фітасанітарны і ветэрынарны кантроль, а таксама кантроль за якасцю ўвазных тавараў.

Пры неабходнасці на тэрыторыі Беларусі арганізатар атрымлівае ліцэнзіі на імпарт асобных відаў тавараў і іншыя дазвольныя дакументы (ветэрынарныя, фітасанітарныя сертыфікаты, сертыфікаты адпаведнасці, гігіенічныя пасведчанні і іншыя дакументы), прадугледжаныя беларускім заканадаўствам.

У палажэнні абумоўлена, якія тавары не павінны быць на кірмашах. Так, забаронена рэалізацыя алкагольнай прадукцыі і піва, тытунёвых вырабаў, рыбы і морапрадуктаў, пушніны, аўдыё-, відэапрадукцыі, жывых жывёл і птушак усіх відаў, мяса жывёл, птушкі і прадуктаў іх зарэзу непрамысловай выпрацоўкі, кансерваваных прадуктаў, кулінарных вырабаў з мяса і рыбы, кандытарскіх вырабаў, прыгатаваных у хатніх умовах, нефасаванай гастранамічнай прадукцыі. У гэты пералік унесены дзіцячае харчаванне і адзенне для дзяцей ва ўзросце да трох гадоў, лекі, каштоўныя металы.

БелаПАН
Мінск, 27 мая 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3017/14315
Текущая дата: 06.10.2024