Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт ІІХФ негатыўна паставіўся да просьбы нямецкіх дэпутатаў пазбавіць Беларусь чэмпіянату свету па хакеі-2014



Прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэне Фазель негатыўна паставіўся да просьбы нямецкіх парламентарыяў пазбавіць Беларусь чэмпіянату свету 2014 года.

Як паведамляе газета Frankfurter Allgemeine Zeitung, дэпутаты бундэстага ад фракцыі Свабоднай дэмакратычнай партыі (уваходзіць у кіруючую кааліцыю разам з хрысціянскімі дэмакратамі) Біджан Джыр-Сарай і Патрык Курт атрымалі адказ ад Фазеля, у якім гаворыцца, што "дыскрымінацыя члена федэрацыі, клуба ці асобы па палітычных, расавых або рэлігійных падставах забаронена". Кіраўнік ІІХФ спаслаўся пры гэтым на "фундаментальныя прынцыпы" Міжнароднага алімпійскага камітэта і звярнуў увагу парламентарыяў на палітычны нейтралітэт віду спорту.

Паводле інфармацыі газеты, дэпутаты ў сваім лісце папярэдзілі Фазеля пра небяспеку выкарыстання чэмпіянату свету "брутальным беларускім дыктатарам Лукашэнкам" і "падрабязна апісалі яго дэспатыю ў краіне".

У адказ на шматлікія заклікі міжнародных арганізацый і палітыкаў перанесці ЧС-2014 у сувязі з наяўнасцю ў Беларусі палітзняволеных Фазель неаднаразова заяўляў, што першынство пройдзе ў Мінску. "Мы знаходзімся ўбаку ад палітычных дыскусій", — сказаў, у прыватнасці, прэзідэнт ІІХФ у студзені гэтага года.

Аднак не выключана, што на майскім кангрэсе ІІХФ у Фінляндыі пытанне пра ЧС-2014 будзе разгледжана.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 28 красавіка 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/all/3041/13845
Текущая дата: 07.10.2024